Сталічныя метрабудаўцы працягваюць узводзіць трэцюю лінію метро

3 февраля 2016

У кругласутачным рэжыме. Сталічныя метрабудаўцы працягваюць узводзіць трэцюю лінію метро. Усяго ж на першым участку зялёнай лініі падземкі будзе 4 станцыі: "Плошча Францішка Багушэвіча", "Кавальская Слабада", "Вакзальная", і "Юбілейная плошча". Паводле планаў, да 2030 года яна прырасце яшчэ 10 станцыямі і працягнецца больш як на 17 кіламетраў. Значна паскарае будаўніцтва і новы комплекс пад назвай "Сцяна ў грунце".

Аляксандр Харавец пазнаёміўся з сучаснымі тэхналогіямі па пракладцы тунэляў для цягнікоў пад зямлёй. Перакладка інжынерных сетак на трэцяй лініі - станцыі метро "Юбілейная" - практычна завершаная, і сёння метрабудаўцы пачалі ўзвядзенне пераходных тунэляў пры дапамозе новага комплексу - "Сцяна ў грунце".

Асноўную працу выконвае вось гэты статонны кран. Пры дапамозе каўша машына дастае грунт з 28-метровай глыбіні. За змену атрымліваецца каля 140 кубаметраў. Для параўнання, гэта амаль 30 грузавікоў.

Працы на гэтым участку вядуцца кругласутачна. У Аляксандра Ліцвіна адна з самых адказных місій - даставаць грунт з вузкага і глыбокага канала. Аднак часта магутная тэхніка натыкаецца на цвёрдыя пароды, што злёгку затарможвае працэс. Новы комплекс мінімізуе ручную працу і ў тры разы паскарае будаўніцтва.

У цэлым працягласць трэцяй лініі падземкі складзе больш за 17 кіламетраў. Тут з'явіцца 14 станцый, якія злучаць паўднёвыя і паўночныя жылыя масівы сталіцы з цэнтрам. У перспектыве ў Мінска будзе і чацвёртая лінія. Яна пройдзе праз прамысловую зону горада да мікрараёна Чыжоўка.