Сталічныя кардыяхірургі пачнуць супрацоўніцтва з Асацыяцыяй дзіцячай кардыялогіі Расіі

18 ноября 2016

Сёння аб гэтым з маскоўскімі калегамі дамовіліся ўрачы РНПЦ дзіцячай хірургіі падчас канферэнцыі ў Акадэміі навук. Супрацоўніцтва тычыцца найперш асваення новых методык у лячэнні дзіцячай арытмалогіі. Пакуль у Мінску такія аперацыі не праводзяцца, але ўжо ў наступным годзе пачнуць аперыраваць першых пацыентаў. Надзея Сербіненка пазнаёмілася з ратавальнікамі дзіцячых жыццяў.

Васьмікласніца Вікторыя – адна з найстарэйшых пацыентак хірургічнага цэнтра. Усяго за тры тыдні ў РНПЦ жыццё дзяўчынкі цалкам змянілася. Сіндром Элерса-Данлоса – вельмі рэдкае захворванне – выклікала дэфармацыю грудной клеткі. Да таго ж, у дзяўчынкі сур'ёзны парок сэрца. Найскладанейшай аперацыяй хірургі пазбавілі Віку адразу ад дзвюх праблем.

Яны выратоўваюць маленькіх пацыентаў, калі надзеі амаль няма. За год у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай кардыяхірургіі праводзяць амаль тысячу складаных аперацый на сэрцы. У 15% выпадкаў аперыруюць немаўлят. Калі сэрца важыць усяго 20 грамаў, работа кардыяхірурга становіцца ювелірным майстэрствам.

Аперацыі на сэрцы ў цэнтры дзіцячай хірургіі праводзяць пацыентам з мінімальнай вагой – ад 500 грамаў - і літаральна з першых гадзін жыцця. У аддзяленні рэанімацыі за станам маленькіх пацыентаў сочаць 24 гадзіны за суткі. У гэтым урачам дапамагае сучасная тэхніка.

Сёння кардыяхірургі кардынальна мяняюць падыход да аперацый. Аддаюць перавагу малаінвазіўным аперацыям, каб пазбегнуць вялікіх разрэзаў і паскорыць рэабілітацыю. Эндаваскулярны метад дазваляе рабіць аперацыі на сэрцы праз невялікія праколы на назе.

Сёння прыкладна палова ўсіх дзіцячых кардыяаперацый – малаінвазіўныя. Пасля іх маленькіх пацыентаў выпісваюць літаральна праз суткі. Аб эфектыўнасці выкарыстання апошніх сусветных распрацовак у медыцыне гаварылі сёння і на навуковай канферэнцыі ў Акадэміі навук. Свае даследаванні ў дзіцячай арытмалогіі хутка аб'яднаюць мінскія і маскоўскія ўрачы.

Першыя аперацыі па аднаўленні сардэчнага рытму ў дзяцей мінскія хірургі зробяць у пачатку наступнага года. Да гэтага часу запланавана правядзенне шэрагу навуковых семінараў і стажыровак за мяжой.