Стоўбцам - 425! Горад з размахам святкуе юбілей

23 июня 2018

Стоўбцы ўпершыню адзначаюць вялікі юбілей. Гораду на Нёмане - 425! Справа ў тым, што дакладную дату гісторыкі вызначылі толькі паўтара года таму. Таму гэты дакументальна дакладны дзень нараджэння Стоўбцы святкуюць з размахам. На цэнтральным бульвары - яркае маштабнае шэсце. Тысячы жыхароў - прадстаўнікі прадпрыемстваў, спорту, дзеячы культуры - прайшлі па горадзе пад акампанемент духавага аркестра. Абыякавымі не засталіся нават тыя, хто застаўся дома. Гледачы тоўпіліся ў вокнах і на балконах сваіх дамоў.

Пешаходнай стала і вуліца Леніна. Гулянні разгарнуліся таксама ў цэнтральным парку. Тут уключылі абноўлены фантан, разгарнуўся горад майстроў, адбыўся святочны канцэрт.

Дарэчы, маштаб святкавання бачны яшчэ на пад'ездзе да горада. Фасады чатырох 9-павярховак упрыгожылі маляўнічыя паштоўкі з любімымі месцамі і цытатамі Якуба Коласа - ураджэнца стаўбцоўскай зямлі. У гонар гістарычнага юбілею неба над горадам сёння ўвечары асвятляць залпы салюту.