Сцены і столь у расколінах, а падмурак сыплецца ад дакранання

13 февраля 2014

Такія няпростыя жыллёвыя ўмовы даўно сталі нормай для сям'і з Баранавіч. У доме 1934 года пабудовы маці з сынам жывуць ужо 14 гадоў. Увесь гэты час сцены будынка не бачылі ніводнага капітальнага рамонту. Гаспадыня не раз звярталася ў мясцовыя органы ўлады з просьбай аб дапамозе, але ў адказ прыходзілі толькі адмовы. І вось напярэдадні жанчыне са сваёй праблемай удалося трапіць на прыём да мэра Баранавіч. Гутарка атрымалася змястоўнай і што самае прыемнае - абнадзейлівай.


Чаму ж такое вострае жыллёвае пытанне заставалася незаўважаным столькі гадоў, пастараўся высветліць Юрый Шаўчук.


На вуліцы Фядзько ў Баранавічах гэты дом, які больш нагадвае трушчобу, стаіць ужо 80 гадоў. За такі доўгі тэрмін капітальнага рамонту будынак ні разу не бачыў. Калісьці даўно тут было паселішча для польскіх афіцэраў, сёння ў доме жыве Марына Блашчаніца. Хаця сама жанчына гаворыць, што жыццём гэта назваць складана.


Акрамя друзлага падмурка, у доме бурацца сцены, правальваецца падлога і сыплецца столь. Словам, умовы блізкія да экстрэмальных. Бо, як гаворыць сама гаспадыня, дах можа абваліцца ў любы момант. Вялікія расколіны на столі - прамы доказ гэтага.


Рабіць рамонт, працягвае гаспадыня, няма ні сэнсу, ні грошай. Зараз Марына не працуе, бо яе сын хворы. Хлопцу патрэбны пастаянны догляд. Адзіны спосаб заробку - продаж самаробных цацак. Калісьці яна шыла іх для дзяцей: дваіх сваіх і дваіх з прытулку.


Усіх дзяцей маці гадавала сама. Зараз у старэйшых дочак свае сем'і, а з малодшай летась прыйшлося расстацца. Дзяўчынку адправілі назад у прытулак. Прычына ўсё тая ж - дрэнныя жыллёвыя ўмовы. Сама Марына органы апекі разумее, бо ў такім холадзе, як у яе дома, не тое што дзіцяці, даросламу знаходзіцца невыносна. Нават днём, калі печка натопленая, а за акном плюс 5, тэмпература ў пакоі не перавышае 15 градусаў.


Напярэдадні шматгадовая перапіска гаспадыні з мясцовымі органамі кіравання нарэшце завяршылася візітам да старшыні Баранавіцкага гарвыканкама. На прыём да мэра разам з Марынай удалося трапіць і нашай здымачнай групе. Літаральна за дзесяць хвілін жанчына расказала ўсе свае праблемы. Чыноўнік з адказам зацягваць не стаў.


У будучыні, калі дом будзе прызнаны непрыдатным для пражывання і пераведзены ў нежылы фонд, жанчына зможа разлічваць не толькі на камерцыйнае жыллё, але і на льготны крэдыт.


Як паабяцалі чыноўнікі, міжведамасная камісія дамоў да Марыны наведаецца ўжо ў найбліжэйшы час. Ну а пакуль гаспадыні застаецца чакаць і спадзявацца, што пасля гэтага візіту ў яе нарэшце з'явіцца надзея на новае жыллё. І тут кропка яшчэ не пастаўленая.