Стэла "Мінск - горад-герой" аб'яднала каля 250 тысяч чалавек

3 июля 2017

Парад прадоўжыла калона грамадзянскай тэхнікі. Гэтая частка свята, сцвярджае наш карэспандэнт Вераніка Бута, была не менш уражлівая. Больш за 100 аўтамабіляў і экспазыцыі практычна ўсяго прамысловага патэнцыялу краіны. Гэта толькі малая частка таго, што "Зроблена ў Беларусі". Аб новым відзе прамысловага мастацтва ў Беларусі. Нам прадэманстравалі сапраўдны трактарны балет. Вядома, танец машын ужо заслужыў увагу мільёнаў чалавек у Інтэрнэце. Але адна рэч - ролік у Сетцы, другая - убачыць усё на свае вочы. Гэта - штосьці неверагоднае.

Сем трактараў "станцавалі" пад песню "Касiў Ясь канюшыну". Нескладана вызначыць, якой машынай кіравала жанчына. Калі раней адметнасцю парада называлі выступленне роты ганаровай варты, то зараз, жартавалі гледачы на трыбунах, з'явіўся сур'ёзны канкурэнт.

Калону грамадзянскай тэхнікі прадставілі больш як сто аўтамабіляў. У асноўным гэта новыя мадэлі, некаторыя з іх яшчэ нават не выйшлі ў серыйную вытворчасць. Упершыню ў парадзе праехалі "Джылі" - гэта абсалютна новы кірунак нашага машынабудавання. Яшчэ адна прэм'ера - газазапраўшчык. Нідзе ніколі не прэзентавалі. Асаблівае захапленне чакана выклікалі вялікі БелАЗ, беспілотнік і дырыжабль беларускай вытворчасці. Нячаста такое ўбачыш на вуліцах Мінска.

А на такіх МАЗах размясцілася, па сутнасці, перасоўная выстава беларускіх дасягненняў. Ад адзення і прадуктаў харчавання да бытавой тэхнікі і цяжкіх станкоў. І гэта толькі малая частка таго, што сёння мы вырабляем і прадаем.

А далей - усе позіркі на Беларусь будучыні. Эстафету перанялі студэнты ВНУ і навучэнцы каледжаў. Для шматлікіх з іх гэта дэбют. Фінальная кропка парада аб'яднала ўдзельнікаў з усёй краіны.

Гэты дзень застанецца ў памяці надоўга. І не толькі як дзяржаўнае свята або як выхадны дзень. Для некаторых 3 Ліпеня ўжо ператварыўся ў маленькую сямейную ўрачыстасць.

Відовішчнасць, зладжанасць і яркія фарбы свята абыякавымі не пакінулі нікога. За падрыхтоўку парада Прэзідэнт асабіста падзякаваў вайскаводам, а ветэранам пажадаў доўгіх гадоў жыцця.

Стэла "Мінск - горад-герой" аб'яднала сёння раніцай каля 250 тысяч чалавек. Рэальных жа гледачоў святочнага шэсця было значна больш - Белтэлерадыёкампанія вяла прамую трансляцыю.

Масавы моладзевы нумар завяршыў парад. Гэта была самая яркая кропка сённяшняй святочнай раніцы. Усяго ў гэтым феерычным нумары былі задзейнічаныя дзве з паловай тысячы чалавек. Адчуваеце маштабнасць свята?! Складана перадаць словамі тую атмасферу, якая пануе сёння тут. Гэта і хваляванне, і пачуццё падзякі, і гонар за тое, што маем і ўмеем.