Стаўка дзяржпошліны на аўтамабілі прадугледжваецца ў памеры ад 1 да 25 базавых у залежнасці ад масы

14 ноября 2013

У Мінфіне Беларусі палічылі карысць ад магчымага ўвядзення ў краіне дзяржпошліны за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. У выпадку, калі такі падатак у будучым годзе будзе выкарыстоўвацца, гэта дазволіць прыцягнуць у прыбытковую частку бюджэту 1 трлн. беларускіх рублёў. Аб гэтым прадстаўнікі ведамства заявілі сёння ў рамках сумеснага пасяджэння пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, бюджэце і фінансах. Паводле праекта, збор будзе спаганяцца з аўтамабіляў, якія маюць дзяржрэгістрацыю. У бюджэце на будучы год на дарожную гаспадарку плануецца вылучыць у 2 разы больш за папярэднія выдаткі і ў 5 разоў больш на капітальны рамонт дарог. Дэпутаты, якія пакуль знаёмяцца з прапановай выканаўчай улады, лічаць, што збольшага новы збор варта разглядаць як кампенсаванне гэтых выдаткаў.


Валерый Барадзеня, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: Мы павінны добра разумець, што калі мы не будзем укладваць у інфраструктурныя праекты, то мы можам давесці гэтую інфраструктуру да такога стану, калі мы проста не зможам яе падняць не тое, што ўсім бюджэтам, а і ўсёй грамадой і з дапамогай іншых краін, таму гэта адзін з кірункаў падтрымання інфраструктуры.


Нагадаем, памер пошліны, калі такі падатак адобрыць парламент, будзе вагацца ад 1 да 25 базавых велічынь у залежнасці ад масы і віду транспартнага сродку і таго, хто ім валодае - юрыдычная або фізічная асоба. Спаганяць збор думаюць падчас праходжання тэхагляду. Абмеркаванне падатковай ініцыятывы Мінфіна пройдзе ў Палаце прадстаўнікоў, калі туды паступіць законапраект аб бюджэце.