Інтэрактыўныя дошкі, ц’ютарская сістэма навучання і вопытны падыход да вывучэння прадмета. Старшакласнікі Мінскага абласнога ліцэя рыхтуюцца да паступлення ў навучальныя ўстановы краіны. Дапамагае ім сучасны падыход, які даўно прынялі і настаўнікі ліцэя. Дарэчы, у гэтай установе адукацыі сабрана адна з лепшых каманд педагогаў у краіне.
Надзея Сербіненка - пра самых таленавітых вучняў Мінскай вобласці.
Стаць вучнем Мінскага абласнога ліцэя – прэстыжна. Ужо 12 гадоў сюды трапляюць выключна праз іспыты самыя таленавітыя і здольныя школьнікі.
У ліцэі дзейнічаюць 4 навуковыя профілі: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны і грамадазнаўчы. Кожны вучань сам выбірае свой кірунак і развіваецца ў ім. Так, любімы прадмет амаль усіх 11-класнікаў - хімія, а настаўнік – Святлана Мельнікава. Вучні яе называюць не інакш як майстар эксперымента.
У ліцэі не першы год дзейнічае так званая ц’ютарская сістэма. Цеснае ўзаемадзеянне настаўніка і вучня – галоўная асаблівасць схемы. Так, англійскі падыход да навучання, заснаваны яшчэ ў 17 стагоддзі, паспяхова працуе і зараз у Мінскім абласным ліцэі.
Юны астраном Канстанцін Раманчук змог удасканаліць свае веды толькі ў ліцэі. З дзяцінства яго захаплялі сузор'і, каметы і месяц.
На занятках і факультатывах вучні разам з настаўнікамі засвойваюць не толькі базавую праграму таго ці іншага прадмета. Паглыбленне ў навуку натхняе на вынаходства.
Навучэнцы Мінскага абласнога ліцэя ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях і інтэлектуальных конкурсах. Прынамсі ў гэтым макеце ўвасоблена ідэя аднаго з вучняў. Яго праект па энергазберажэнні заняў першае месца на абласным энергамарафоне.
Зараз у ліцэі атрымліваюць веды амаль 300 вучняў з усёй вобласці, жывуць яны тут жа – у інтэрнаце. Такі фармат дапамагае ліцэістам стаць больш самастойнымі і падрыхтаванымі да студэнцкага жыцця.














