Стаць бліжэй да навукі

22 февраля 2016

Распрацоўкі ў галіне інфарматыкі, матэматычных навук, і праектавання прапанвалі ў Мінску на навукова-інжынерным кірмашы праектаў. Як зараджаць электрамабіль з дапамогай прадуктовай каляскі? І чаму ў робата-аватара толькі адна рука?

Адказы ведае Ксенія Лебедзева. Рэспубліканскі навукова-інжынерны кірмаш праектаў чацвёрты год здзіўляе гледачоў, ды і саміх удзельнікаў. Паводле слоў арганізатараў, хай многія з праектаў пакуль не маюць практычнага прымянення, аднак падтрымаць моладзь, у якой шмат ідэй, неабходна для будучыні.

Журы адзначыла, што ў адрозненне ад папярэдніх конкурсаў, сёлета прысутнічаюць праекты, што знаходзяцца ў тэхналагічным трэндзе. А гэта пацвярджэнне таго, што маладая змена навукоўцаў падрастае.

Праграма, якую прапанавалі сёстры Кавальчэўскія, прызначаная для назірання за даўгачаснымі працэсамі. Устанавіўшы яе на свой камп'ютар, можна будзе ў рэжыме рэальнага часу назіраць за тым, як руйнуюцца горныя пароды, або прарастае цыбуліна.

А вось каманда з Клецкага раёна здзівіла прадуктовай каляскай, з дапамогай якой можна ў будучыні зараджаць электрамабіль або падсілкоўваць вулічнае асвятленне. Пакуль вы ў магазіне, каляска назапашвае энергію на тэрмінале, пасля чаго яе можна выкарыстаць.

Асаблівую цікавасць у гледачоў выклікаў вось гэты стэнд, дзе прадстаўлены робат-аватар. Зараз кіраваць прадметамі вы можаце на вялікіх адлегласцях або знаходзячыся ў суседнім пакоі.

Рука, якую вы бачыце, толькі дэманструе ідэю як такую. На большае, паводле слоў маладых інжынераў, грошай не хапіла. Застаецца толькі спадзявацца на рэальную сустрэчу з вопытным узорам робата-аватара беларускай вытворчасці.