Сёння стары Новы год! Свята, якое да пачатку XX стагоддзя было надыходам Новага года па юліянскім календары. У ім 1 студзеня адпавядала сучаснаму 14 студзеня. Стары Новы год - і царкоўнае, і свецкае, і народнае свята, якое і па сённяшні дзень жыве пад назвай Шчодрая куцця ці Шчадрэц. Яго аўтэнтычныя традыцыі найперш зберагаюць у вёсках. Звычаі Барысаўскага раёна - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай.
На стары Новы год - толькі сытны стол. Святочны вечар з 13 на 14 студзеня па-народнаму-старадаўняму - Шчадрэц ці Шчодрая куцця. Таму лідар стала ужо не крупяная каша, а скавароднік – печаная страва з яек, смятаны, мукі-путлёўкі і сала з каўбасой. Старажытны сакрэт яго прыгатавання нам адкрываюць "Суседкі" - жаночы калектыў захавальніц народных традыцый з вёскі Новае Янчына Барысаўскага раёна.
Усё смакоцце старанавагодняга стала - абавязкова на сене. Як сімвал нараджэння немаўляці Хрыста ў яслях, на саломе, ўсе святкі-калядкі пад абрус трэба было класці засушанае траўе. Па ім на Шчадрэц прадказвалі ўрадлівасць года. А яшчэ варажылі на нарачонага. Аднасяльчанкі Новага Янчына ўзгадваюць народныя спосабы "прадбачыць шлюб": Марыя Іванаўна адшукала мужа, абдымаючы заснежаны плот, Раіса Паўлаўна - заварочваючы калядную кашу ў насоўку.
Вось вясельная вопратка наваянчынскіх "Суседак". Цяпер сукенкі - адны з экспанатаў створанага імі ж Дома фальклору. Мясцовая ўстанова культуры чвэрць стагоддзя таму запрацавала на базе сельскага клуба. Тут энтузіясткі зрабілі і музей аўтэнтыкі з уласных жа рэчаў. Тут спяваюць, танцуюць, кулінараць, займаюцца рукадзеллем, захоўваюць традыцыі гадавых свят сваіх прабабуль-прадзедаў.
У мінуўшчыну на святыя вечары, ад Раства да Вадохрышча, нельга было працаваць. Калі парушыш няпісаны закон, лічылася, што могуць быць непрыемнасці. Бытавыя грахі ў Новым Янчыне вырашалі так: секлі галенчык на парозе, а потым спальвалі дубцы ў печцы. Скінулі праблему і пускаліся ў скокі. Ужо больш за 2 стагоддзі на Раство ў Новым Янчыне танцуюць "На рэчаньку". Да гэтага тутэйшыя ходзяць па вёсцы, шчадруюць, збіраюць пачастункі, потым гуртуюцца ў хаце і гуляюць "Багатую куццю".
Сотні песень і скокаў. У рэпертуары музычная аўтэнтыка ад Раства да наступнага снежня і Піліпаўскага посту. Любыя мелодыі і найгрышы тут гатовы агучыць і адзіны мужчына наваянчынскага фальклорнага калектыву. Ад імя ўсіх "Суседак" "сусед"-гарманіст віншуе са старым Новым годам.













