Такія будынкі атрымліваюць шанц на новае жыццё. Паступова яны ўцягваюцца ў гаспадарчы абарот. І вось ужо на месцы закінутых будынкаў адкрываюцца новыя вытворчасці, з'яўляюцца аграсядзібы і прадпрыемствы сферы паслуг. Але каб старое адрадзілася па-новаму, трэба прыкласці нямала намаганняў.
З тымі, хто ідзе да канца і натхняе сваім прыкладам, сустрэлася Вікторыя Патоня.
Дырэктар прадпрыемства Віктар Пунько распавядае, як з аўкцыёна набыў мазутна-помпавую станцыю. 22 аб'екты, кожны за адну базавую велічыню. Блізкасць да чыгункі падкупіла. Так пачалося будаўніцтва міні-завода па вытворчасці бітуму. Сыравіны, без якой немагчыма дарожнае будаўніцтва, і якую беларусы ў асноўным купляюць за мяжой. Тут на першым этапе плануюць вырабляць 120 тон бітуму за суткі. Дадаткова створаць каля 70 рабочых месцаў. Новае абсталяванне зроблена па спецзаказе. У аснове вопыт нямецкіх калег. Ад старой мазутнай станцыі выкарыстоўваецца толькі частка будынкаў і камунікацый.
Віктар Пунько, дырэктар прадпрыемства па вытворчасці бітуму: Не пакідаць тыя помнікі з мінулага, а наадварот паспрабаваць іх мадэрнізаваць, прывесці ў парадак, выкарыстаць для таго, каб яны давалі нейкі канчатковы вынік. Тым больш што заўсёды на гэтым можна і сэканоміць.
На гэтым аб'екце таксама спрабавалі сэканоміць. Задумка была нядрэнная - стварыць аграсядзібу, развіваць турыстычны бізнес. Аднак уласніку ці то грошай не хапіла, ці то жадання.
Будынку былой школы больш за 70 гадоў. У пачатку 2000-х яна была зачынена. Аб'ект неаднаразова выстаўлялі на аўкцыённыя таргі, у 2011-м прадалі за адну базавую велічыню. Аднак новаму ўласніку так і не ўдалося рэалізаваць задуманае. Будынак працягваў развальвацца. Умовы дагавора новы ўладальнік не выканаў ні па адным з пунктаў.
Лідзія Дрозд, намеснік начальніка аддзела эканомікі Пружанскага райвыканкама: У сакавіку 2013 года мы аб'ект вярнулі ў камунальную ўласнасць, скасавалі дагавор куплі-продажу. Паколькі ў дадзеным населеным пункце задзейнічаць аб'ект вельмі складана, было прынята рашэнне яго ліквідаваць.
Такіх аб'ектаў, якія чакаюць новых гаспадароў, не адзін дзясятак. Каб удыхнуць жыццё ў будынак закінутай ваеннай майстэрні 1936 года пабудовы, Віталь Шопік прыклаў нямала намаганняў. Сёння тут цэх па вырабе ралетных штор. Кошт аб'екта - 100 мільёнаў рублёў. Прадпрымальнік плануе зусім хутка пашырыць вытворчасць, стварыць новыя рабочыя месцы, зарэгістраваць фірму. Галоўнае, гаворыць, да ўсяго падыходзіць з розумам.














