Старшакласнікі развітваюцца са сваімі настаўнікамі

30 мая 2017

Сёння ва ўсіх школах Мінска прагучалі апошнія званкі. Старшакласнікі развітваюцца са сваімі настаўнікамі і рыхтуюць канцэртныя нумары і выступленні. Дарэчы, сёлета амаль 25 тысяч сталічных выпускнікоў заканчваюць дзявятыя і адзінаццатыя класы. Пасля афіцыйнай часткі ў школах прайшлі адкрытыя ўрокі і экскурсіі для будучых першакласнікаў. Але адпачываць выпускнікам пакуль не прыходзіцца – наперадзе уступная кампанія. Надзея Сербіненка сустрэлася з тымі, для каго гучыць апошні званок.

Выпускніца Аляксандра Літава падзякавала сваёй гімназіі па-кітайску. Яе аднакласнікі - у нейкім сэнсе першапраходцы. З гэтых выпускнікоў у дванаццатай сталічнай гімназіі пачалося выкладанне мовы Паднябеснай. А сёння - праз 11 гадоў - клас свабодна піша, гаворыць і чытае па-кітайску.

Гімназія славіцца сваім медыцынскім профілем - хімія і біялогія заўсёды былі яе моцнымі напрамкамі. Марыць стаць вучоным-малекулярным біёлагам і Ганна Галькевіч – нядаўна яна вярнулася з міжнароднай алімпіяды, якая праходзіла ў В'етнаме.

Галоўныя дзеючыя асобы на лінейцы - выпускнікі не толькі 11-ых і дзявятых, але і першых класаў. І ва ўсіх трох паралелях наперадзе новыя этапы і дасягненні.

Для адной з самых вялікіх школ Мінска - № 56 – апошні званок - падзея знакавая. У ліку дзвюх з паловай тысяч вучняў - першы ў гісторыі школы выпуск 11-класнікаў.

Заўтра – апошні навучальны дзень года. Наперадзе ў выпускнікоў – школьныя іспыты. А 10 чэрвеня ва ўсіх мінскіх школах і гімназіях пройдуць выпускныя вечары. Развітальны вальс адкрые дарогу ў дарослае, самастойнае жыццё.