Станцыя метро Малінаўка пачала сваю працу

3 июня 2014

Доўгачаканае адкрыццё... Сёння новая станцыя метро Малінаўка пачала сваю працу. Першымі камфорт перамяшчэння і дызайн новай падземкі ацанілі прэм'ер-міністр Беларусі, а таксама мэр Мінска. Усяго ж на будаўніцтва Малінаўкі пайшло 4 гады. Складаныя ўмовы праходкі і перанос здачы аб'екта, але станцыю адкрылі раней за вызначаны тэрмін. Для Малінаўкі закупілі і 5 дадатковых саставаў.



У ліку першых пасажыраў пракацілася і наш карэспандэнт Аляксандра Драгун. Наступная станцыя - Малінаўка! Сёння першых пасажыраў прыняла новая 29-я станцыя сталічнага метрапалітэна. Першым камфорт перамяшчэння і дызайн Малінаўкі ацаніў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Ён разам з мэрам Мінска і кіраўніцтвам метрапалітэна праехаў да канчатковай станцыі Маскоўскай веткі.



Малінаўка разлічаная на пасажырапаток ад 20 000 чалавек за суткі. Для падтрымкі аптымальнага інтэрвалу руху цягнікоў Мінскі метрапалітэн закупіў 5 дадатковых саставаў. Дарэчы, на станцыі Малінаўка ёсць пакой надгляду з рэнтгенаграфічным сканарам для праверкі багажу. Такія функцыянуюць пакуль на сямі станцыях Мінскага метрапалітэна.



Дызайн новай станцыі працягвае прыродную тэму папярэдніх трох. Але менавіта Малінаўку завуць садам метрапалітэна. У інтэр'еры зялёныя і фісташкавыя тоны, на сценах - ягады маліны, а калоны нагадваюць ствалы дрэў.



Будавалі Малінаўку 4 гады. Пракладвалі новую станцыю, нягледзячы на складаныя геалагічныя ўмовы. У дапамогу працоўным закупілі спецыяльныя механізмы. У выніку атрымалася здаць аб'ект раней за тэрмін - кастрычнік 2014-га. Дарэчы, на новае абсталяванне праз Банк развіцця накіравалі 11 мільёнаў еўра. Яго будуць выкарыстоўваць і ў будаўніцтве трэцяй лініі мінскай падземкі.



Зараз ужо вядзецца праца на першым участку трэцяй веткі Мінскага метро. Яна складаецца з чатырох станцый. Іх плануюць здаць да 2017-га года.