Станіслаў Багдзевіч стварае поўнафарматныя панарамныя здымкі самых цікавых месцаў нашай краіны

1 марта 2018

Прагуляцца па музеях і зазірнуць у славутыя мясціны, не выходзячы з дому. Такую магчымасць даюць 3D-панарамы. А візуалізацыю сваіх калекцый апошнім часам робяць вядучыя музеі свету.

Беларус Станіслаў Багдзевіч таксама стварае поўнафарматныя панарамныя здымкі самых цікавых месцаў нашай краіны. Зараз працуе над цыклам сезонаў Батанічнага сада.

Антаніна Станкевіч ацаніла панарамныя фота. Свой здымачны дзень Станіслаў Багдзевіч пачынае з самай раніцы – нягледзячы на марознае надвор'е, сонца і святло зараз менавіта такія, як трэба. Першым у аб'ектыў трапляе цэнтральны востраў у Батанічным садзе. Менавіта адсюль адкрываецца добры від на галоўныя алеі, ваду. Галоўная задача фатографа – не прапусціць ніводнага сантыметра зімовай прыгажосці. Дапамагае спецыяльнае абсталяванне.

Міхаіл Рудзевіч ведае Батанічны сад як свае пяць пальцаў. А таму падказвае самыя цікавыя месцы, вартыя асобнай здымкі. Такія 3D-панарамы мае не адзін еўрапейскі батанічны сад. Але Міхаіл разам з калегамі прыдумаў больш цікавую ідэю. Зафіксаваць жыццё Батанічнага у чатыры сезоны года.

Зняць неабходныя панарамныя кадры – гэта толькі палова справы. Далей пачынаецца некалькі тыдняў сур'ёзнага праграмавання. Спачатку фотаздымкі трэба апрацаваць. Дадаць тэкставую інфармацыю, інтэрактыўную карту, геаграфічныя маркеры. Толькі пасля гэтых маніпуляцый панарамныя здымкі можна загружаць на афіцыйны сайт установы.

Зараз віртуальныя наведвальнікі могуць убачыць кожную дробязь асенняга Батанічнага сада. Напалову завершана падрыхтоўка зімовых панарам. Наперадзе – работа над сезонамі «вясна” і “лета». У планах Станіслава - папрацаваць з усімі беларускімі музеямі. Атрымаецца добрая рэклама беларускіх славутасцей, асабліва з улікам наяўнасці бязвізавага рэжыму.

Такія панарамныя фотаздымкі дазваляюць азнаёміцца з любым месцам на любой адлегласці. Аднак, сцвярджаюць спецыялісты, нават самыя якасныя віртуальныя галерэі не заменяць жывога сузірання.