Сталі вядомыя першыя VIP-госці, якіх чакае Мінск на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў

19 июня 2019

Гэта расказалі на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў нашай краіны.

Акрамя спартсменаў з 50 дзяржаў, больш як тысячы журналістаў і шматлікіх акрэдытаваных гасцей,  у мерапрыемствах плануюць прыняць удзел каля 20 дэлегацый на ўзроўні кіраўніцтва спартыўных ведамстваў замежных дзяржаў, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, прэзідэнты і генеральныя сакратары больш  чым 40 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін Еўропы, кіраўніцтва міжнародных і еўрапейскіх спартыўных федэрацый.

Анатоль Глаз, начальнік  упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Гэтае мерапрыемства не толькі беспрэцэдэнтнае і вельмі важнае для краіны, але і для кантынента з'яўляецца адным з найбуйнейшых мультыспартыўных форумаў. Для нас вялікі гонар, што шэраг дэлегацый плануе ўдзел у цырымоніі адкрыцця на вышэйшым і высокім узроўні. Гэта Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі, Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон, Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, старшыня Прэзідыума Босніі і Герцагавіны Міларад Додзік, старшыня ўрада Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў. Мы таксама чакаем кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі РФ Рамзана Кадырава".

Плануецца таксама ўдзел кіраўніцтва міжнародных і рэгіянальных арганізацый, у тым ліку Генеральнага сакратара Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы Раберта Антаніёнэ, намесніка генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Нады Аль-Нашыф, Старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыграна Саркісяна, Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты, Генеральнага дырэктара сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора  Майры Моры. Чакаюцца дэлегацыі Вялікабрытаніі і Венгрыі, якія ўзначаляць упаўнаважаныя  асобы.