Сталі вядомыя новыя імёны самых перспектыўных навукоўцаў Беларусі

16 ноября 2017

У выніку таемнага галасавання абраныя 5 акадэмікаў і 22 члены-карэспандэнты. Нагадаю, сёння ў Акадэміі навук прайшлі выбары, дзе амаль паўтары сотні навукоўцаў змагаліся за самыя высокія званні ў навуковай сферы. Патрабаванні вельмі строгія, бо вакансію акадэміка і члена-карэспандэнта займаюць пажыццёва. На адной з галоўных падзей Года навукі пабывала Юлія Грызунт.

Алегу Пенязькову было ўсяго 23, калі ён упершыню пераступіў парог Інстытута цепла- і масаабмену. Гаворыць, тады і не думаў, што праз 30 гадоў зоймецца распрацоўкай паліва для тэхнікі, якую бачыў хіба што ў фантастычных фільмах. І, тым больш, што ўзначаліць інстытут.

Алег Пенязькоў стаў самым маладым акадэмікам Беларусі. Навуковец прызнаецца: гэта вялікая адказнасць. Згаджаецца з ім і Алена Калінічэнка. Членам-карэспандэнтам беларускай Акадэміі навук яна стала тры гады таму. Увесь гэты час займаецца распрацоўкай супрацьпухлінных прэпаратаў. Справай жыцця лічыць стварэнне максімальна эфектыўных і даступных лекаў.

Сёння абодва навукоўцы ўжо ў ролі выбаршчыкаў. Задача няпростая, бо ўсе прэтэндэнты - самыя перспектыўныя.

2 дні напярэдадні выбараў лепшых у сваёй галіне выбіралі самі навукоўцы. Сёння - ужо апошняе слова за дзеючымі членамі-карэспандэнтамі і акадэмікамі. Гэтыя званні пажыццёвыя. Таму патрабаванні максімальна строгія. Нават пасля выбараў некаторыя вакансіі застаюцца свабоднымі.

Сярод патрабаванняў да прэтэндэнтаў - наяўнасць манаграфій, укараненне распрацовак і цытаванасць у міжнародных выданнях. А таксама заслугі ў якасці выкладчыкаў. Але галоўны крытэрый - істотны ўклад у эканоміку краіны.

Міхаіл Мясніковіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу: "Я ўважліва паглядзеў кандыдатуры, і мяне радуе тое, што шматлікія стварылі сапраўды добрыя навуковыя школы ў перспектыўных галінах. Вось хімія палімераў - вельмі актуальна, пытанні, звязаныя з біятэхналогіямі. Таму, мне здаецца, вось у гэтай частцы ёсць пэўная падтрымка рэальнага сектара эканомікі".

Па выніках галасавання абраныя 5 акадэмікаў, сярод іх Аляксандр Кільчэўскі, і 22 члены-карэспандэнты, сярод якіх Алег Румо і Ігар Марзалюк. Самы вялікі конкурс на вышэйшае званне прыпаў на спецыяльнасць "матэрыялазнаўства" - 9 чалавек на месца. Сярэдні ўзрост абраных акадэмікаў - 64 гады. Членаў-карэспандэнтаў - 57 гадоў.

Сёння ў Акадэмію навук прынялі і шэсць замежных навукоўцаў, якія ўдзельнічаюць у сумесных праектах.