Сталі вядомыя імёны ўладальнікаў ганаровага звання "Чалавек года"

18 марта 2016

Яны - лепшыя прадстаўнікі сваіх прафесій. Сёння ў цэнтральным рэгіёне назвалі імёны ўладальнікаў ганаровага звання "Чалавек года". Узнагародзілі таксама і ганаровых грамадзян Мінскай вобласці. Усяго ж званні рознага кшталту на ўрачыстасцях у Салігорску атрымалі 25 чалавек. Шчырыя словы падзякі заслужаным людзям выказаў і старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Антаніна Станкевіч - з падрабязнасцямі.

Белую кашулю Аляксандр Наронскі прымярае нячаста: усе ж такі работа шахцёра і светлы колер наўрад ці сумяшчальныя. Ды і наогул: строгія ўборы не вельмі любіць: апошні раз касцюм апранаў на вяселле дачкі. Але сёння не без гонару робіць выключэнне: усё ж такі ганаровае званне “Чалавек года Міншчыны” яму прысвойваюць не кожны дзень.

За 35 гадоў паспеў падрыхтаваць з дзясятак маладых спецыялістаў, асвоіць суперскладаную тэхніку і пры гэтым - застацца добрым мужам і бацькам для дваіх дзяцей.

Менавіта такі сакрэт поспеху ў большасці з тых, хто сёння атрымлівае ўзнагароду. На работу – з радасцю і гэтак жа дадому, толькі так магчыма дасягнуць пэўных вынікаў. Экс-прэм'ер-міністр краіны Сяргей Лінг прызнаецца: менавіта гэтая ўзнагарода - сёння ён стаў ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці - адна з самых дарагіх.

Сярод намінантаў на прэстыжную прэмію - аграрыі, работнікі прамысловасці і гандлю, урачы, настаўнікі, праваахоўнікі - зусім розныя людзі, з розных гарадоў і вёсак. Іх аб'ядноўвае адно - шчырая любоў да сваёй справы.

Асабістую падзяку кожнаму выказаў і старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Бо менавіта работа гэтых людзей можа быць узорам для ўсіх жыхароў цэнтральнага рэгіёна.