Тэрміновая навіна з Паўднёвага полюса планеты

31 декабря 2015

У гэтую ноч навіны прыходзяць з усяго свету. Тэрміновая - прыйшла да нас з Паўднёвага полюса планеты. Тут паспяхова завяршылася ўнікальная аперацыя, якая не мае аналагаў у гісторыі антарктычных экспедыцый.

Літаральна напярэдадні беларускія палярнікі завяршылі разгрузку першых модуляў айчыннай станцыі. Мы атрымалі эксклюзіўныя кадры з Антарктыды. Паветраная транспартная аперацыя доўжылася на працягу трох сутак пры вельмі неспрыяльных метэаўмовах. Завея з парывамі ветру да 32 метраў за секунду. Фактычна подзвіг здзейснілі пяцёра беларускіх палярнікаў. Нам атрымалася выйсці на сувязь з кіраўніком экспедыцыі Аляксеем Гайдашовым. Нават па голасе адчувалася, што палярнікі стомленыя, але, нягледзячы на складанасці, змаглі знайсці сілы і перадаць на радзіму навагоднія віншаванні.

Мы таксама жадаем нашым палярнікам здароўя, шанцавання і мужнасці вытрымаць усе выпрабаванні. Асноўная задача экспедыцыі ў гэтым сезоне - устаноўка першых модуляў уласнай палярнай станцыі.