Адразу дзве маштабныя падзеі пад адным дахам

20 мая 2014

Сёлета пад адным дахам адразу дзве маштабныя падзеі - адкрыццё Беларускага прамысловага форуму і конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills. Па сутнасці, кожнае з гэтых мерапрыемстваў дапаўняе адно аднаго. На адным - прэзентацыя рэальных інавацыйных праектаў ужо вопытных спецыялістаў, на другім - працы пачаткоўцаў. Тут і робаты, і камп'ютары ў мініяцюры, і ўнікальнае абсталяванне для нафтаперапрацоўкі.


Падрабязней - Кацярына Шыбко.


Гэтыя хлопцы і дзяўчаты - адзіныя ўдзельнікі WorldSkills, якія пачалі барацьбу за пуцёўку ў Бразілію (а менавіта там пройдзе міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства) сёння. Справа ў тым, што сярод столяраў, аказалася, самая вялікая колькасць жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства. Для ўсіх астатніх хлопцаў і дзяўчат спаборніцтвы пачнуцца заўтра.


За работай хлопцаў сочаць прафесіяналы. У асноўным гэта выкладчыкі і бізнесмены. Ацэньваецца ўсё, нават падыход да справы.


Уладзімір Казлоў, член журы WorldSkills Belarus: Бяром за асноўнае час выканання задання, якасць выканання задання, шчыльнасць злучэння сталярных вырабаў. Праца павінна быць выканана паводле чарцяжа. І без дэфектаў.


Удзельнічаюць без малога дзве сотні студэнтаў каледжаў і ВНУ з усёй краіны. За майстэрствам нашых удзельнікаў сочаць замежныя госці, у тым ліку і тыя, хто пакуль, афіцыйна, у адрозненне ад беларусаў, не ў міжнароднай камандзе WorldSkills.


Махмуд Эршэрбіні, выканаўчы дырэктар Савета па вытворчым навучанні Егіпта: Мы даведаліся, што вы арганізоўваеце гэты чэмпіянат у сябе. З вашай дэлегацыяй мы пазнаёміліся ў Фінляндыі на WorldSkills. Тады мы разам назіралі, як гэта праходзіць. Зараз мы прыехалі паглядзець, як вы праводзіце WorldSkills у сябе. Вельмі выдатна.


Большасць абсталявання сюды прывезлі самі кампаніі-вытворцы. Для іх - гэта шанец у першую чаргу падабраць для сябе перспектыўныя кадры.


Арганізатары WorldSkills папярэдзілі адразу: для правядзення конкурсу ім неабходна шмат вольнага месца. Для кожнай са спецыяльнасцяў - свая міні-вытворчасць. Ужо заўтра тут, напрыклад, будуць спаборнічаць швачкі. Насупраць - повары і супрацоўнікі рэстараннага бізнесу. Спецыяльна для іх арганізавалі невялікае кафэ з паўнацэннай кухняй і столікамі для гасцей.


Паралельна з WorldSkills упершыню пад адным дахам Беларускі прамысловы форум. Асноўнай тэмай сёлета стала энергаэфектыўнасць.


Аляксандр Болатаў, начальнік аддзела маркетынгу кампаніі: Ацяпленне цэхаў проста інфрачырвоным выпраменьваннем - гэта вельмі эканамічна, вельмі перспектыўна, дастаткова шырока ўжываецца ва ўсім свеце. У цяперашні час мы прадстаўляем тут кампаніі еўрапейскага вытворцы - гэта Італія, Германія, Чэхія, Польшча, працуем з расійскімі кампаніямі.


Падчас прамысловага форуму ў нефармальнай абстаноўцы сустрэнуцца заказчыкі і пастаўшчыкі. Гэта рэальная магчымасць кампаніі навочна прадэманстраваць сваю прадукцыю - а, значыць, выйсці на новыя рынкі.