6 самазвалаў БелАЗа прынялі ўдзел у парадзе грамадзянскай тэхнікі

3 июля 2017

На чале калоны цяжкагрузаў 90-тоннік. Гэта адна з самых папулярных мадэляў у сваім класе і першая ў свеце тэхніка такой грузападымальнасці з электрамеханічнай трансмісіяй.

Самазвалы, для якіх больш звыкла баразніць алмазныя і вугальныя кар'еры, пераадольваць тысячы кіламетраў у экстрэмальных кліматычных умовах, сёння дэманструюць сваю моц у самым цэнтры Мінска.

Расказвае Надзея Сербіненка.

Да новай мадэлі грузападымальнасцю 90 тон з электрамеханічнай трансмісіяй на БелАЗе спачатку паставіліся скептычна. Ніхто ў свеце раней не выкарыстоўваў цягавы электрарухавік на самазвалах такой магутнасці. Але канструктарскі эксперымент атрымаўся.

Аляксандр Наскавец, начальнік бюро кампаноўкі ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынгу "БелАЗ-холдынг": "Тут у нас дызель-генератар, які выпрацоўвае электрычны ток, што паступае праз шафу кіравання на электрарухавік, які і прыводзіць машыну ў рух, менш механічных вузлоў шаравання - менш зносу, менш выдаткаў на рамонт, вялікая надзейнасць".

Перш, чым самазвал паўстане ў метале, ён нараджаецца ў трохмерным вымярэнні. Кожны вузел, усе дэталі прамалёўваюцца ў спецыяльных праграмах. Віртуальная праца над машынай часам доўжыцца да паўгода.

Сёння самазвал БелАЗ 75-583 - адна з самых папулярных мадэляў у сваім класе. З канвеера ўжо сышло больш як 180 машын - яны паспяхова працуюць на залатых капальнях Афрыкі, вугальных разрэзах Інданезіі, алмазных кар'ерах Якуціі. Для кожнага рынку свае кліматычныя мадыфікацыі. БелАЗ працуе пры тэмпературы ад мінус 50 да плюс 50.

Шлях з Жодзіна да Мінска для вялізных БелАЗаў не простая прагулка. Адзін самазвал займае дзве паласы, таму на некаторых участках прыйшлося перакрыць рух, а ў Мінску падняць тралейбусныя кантактныя сеткі. Падчас парада за рулём 90-тонніка будзе Андрэй Вашкевіч. Вадзіцель-выпрабавальнік першым абкатваў дзясяткі мадэляў БелАЗа, у тым ліку гіганта 450-тонніка.

Андрэй Вашкевіч, вадзіцель-выпрабавальнік эксперыментальнага цэха ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынгу "БелАЗ-холдынг": "У парадах я ўдзельнічаю не першы год. Пачынаў даўным-даўно, калі першыя парады былі, тады я яшчэ быў малады вадзіцель, выязджаў у якасці дублёра. Усе, вядома глядзяць, фатаграфіруюць, усім цікава, што незвычайная тэхніка рухаецца па дарогах агульнага карыстання".

Усяго ў парадзе грамадзянскай тэхнікі БелАЗ прадстаўляе 6 мадэляў - ад горназдабыўных падземных самазвалаў да авіяцыйных цягачоў. Усе машыны - навінкі жодзінскага завода. Калона БелАЗаў - рэкардсменаў па сіле, мошчы і цягавітасці - адпраўляецца ў бок праспекта Машэрава, каб ізноў уразіць гледачоў парада.