Бітвы Другой сусветнай вайны ў свята Перамогі можна будзе ўбачыць на лініі Сталіна

8 мая 2013

Вярнуцца ў мінулае і ўбачыць бітвы Другой сусветнай вайны ў свята Перамогі можна будзе на лініі Сталіна. Атака савецкіх войскаў, агонь з гістарычных гармат і мора ўражанняў чакаюць гасцей гісторыка-культурнага комплексу. Апагеем свята стане парад ваеннай тэхнікі, у якім прыме ўдзел легендарны танк Т-34. Спецыяльна да Дня Перамогі яго аднавілі беларускія ўмельцы. Чым яшчэ ў Дзень Перамогі сваіх гасцей здзівяць супрацоўнікі музея пад адкрытым небам, раскажа Юрый Шаўчук.        


 


Запуск гэтага рухавіка - сапраўды гістарычная падзея. Адноўлены з груды металалому легендарны Т-34 стаў часткай экспазіцыі гісторыка-культурнага комплексу Лінія Сталіна. Аднавілі танк за рэкордна кароткія тэрміны - за паўгода. Галоўнай мэтай механікаў было паспець да парада тэхнікі на 9 Мая. Ускладзеныя на рэстаўратараў надзеі апраўдаліся. Да свята яны падрыхтавалі не толькі Т-34, але і іншую ваенную тэхніку. 


Усе гэтыя танкі прымуць удзел у рэканструкцыі бою 2-й сусветнай вайны. Піратэхнікі і механікі зараз займаюцца падрыхтоўкай тэхнікі. Дзясяткі залпаў гармат, сотні стрэлаў і шквал артылерыйскага агню - усё гэта змогуць убачыць гледачы, якія прыедуць на лінію Сталіна 9 мая.


Акрамя парада ваеннай тэхнікі, госці лініі Сталіна змогуць наведаць унікальныя артылерыйскія даўгачасавыя агнявыя пункты. Яшчэ ў музеі можна паглядзець на іншыя гарматы, як да-, так і пасляваенныя. Усяго ў комплексе паказаныя больш за 200 ваенных машын і 150 адзінак рарытэтнай зброі. 


Халасты стрэл, але з сапраўднай вінтоўкі. Прымерыць на сябе ролю сапраўднага салдата зможа кожны ахвотнік. Для тых, хто больш глядач, а не ўдзельнік, у Дзень Перамогі на лініі Сталіна падрыхтавалі  дзве рэканструкцыі баёў Вялікай Айчыннай вайны.   


Стартуюць святочныя мерапрыемствы  на лініі Сталіна ў 11 гадзін раніцы. З гадзіны да абеду  ў гісторыка-культурным комплексе пройдуць рэканструкцыі бітваў. Але гасцей у музеі пад адкрытым небам чакаюць  да самага вечара.