Справядлівасць - у дакладнасці, перакананыя беларускія судмедэксперты

26 мая 2018

З вынікам 99 % яны прызнаныя лепшымі ў рамках Бонскага пагаднення Бон-АСІНЕТ. У аб'яднанне ўваходзяць 43 лабараторыі з 26 краін свету. У рамках апошняга даследавання ўдзельнікам трэба было вызначыць крыніцу нафтавага разліву ў Паўночным моры. З якога танкера была гаручая вадкасць, чым на яе пасля ўздзейнічалі? Зрэшты, гэтая задача адна з многіх, якія сёння не па легендзе, а ў рэальным жыцці вырашаюць спецыялісты. Гісторыя адной перамогі ў маштабах краіны ў рэпартажы Анастасіі Бенедысюк.

Паводле сцэнарыя, у акваторыі Нарвежскага мора адбыўся разліў нафтапрадукту, лакалізаваць які змаглі толькі з дапамогай вогнетрывалай загароды - прасцей гаворачы, нафту падпалілі. На высвятленне прычыны накіраваныя ўсе сілы. Разведка далажыла: незадоўга да здарэння тут праходзілі тры танкеры.

2 флаконы - пробы з месца здарэння, яшчэ 3 флаконы - пробы з падазраваных танкераў. Задача - суаднесці флаконы і ўстанавіць крыніцу забруджвання. За гэтую задачку з зорачкай узяліся адразу 35 лабараторый з 23 краін свету.

Сярод іх і Беларусь. На працягу трох месяцаў у Дзяржкамітэце судовых экспертыз вывучалі змесціва віёл. Па сутнасці, ад дакладнасці гэтых вынікаў залежыць рашэнне суда. Балазе, гэтым разам разліў нафтапрадукту - толькі легенда. Сітуацыю змадэлявалі эксперты-хімікі ў рамках Бонскага пагаднення. Яго ў свой час заключылі краіны, якія ўваходзяць у басейн Паўночнага мора: занадта часта ў рэгіёне фіксавалі падобныя здарэнні.

Сяргей Грамыка, галоўны эксперт аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі:

"Узор нафты, які я аналізаваў, гэта паўтары гадзіны на адзін узор. Кожны трэба двойчы прааналізаваць. І вось пяць узораў - атрымліваецца 10 храматаграм, памнажаем на паўтара, атрымліваем 15 гадзін. І потым самае галоўнае - гэта апрацоўка дадзеных. Таму што прыбор нешта паказвае, але часам ён можа паказваць няправільныя значэнні, трэба перапісваць, глядзець, розныя фактары могуць уплываць".

Сяргей Грамыка ў такіх міжнародных даследаваннях удзельнічае другі раз. У 2017-м, каб вызначыць тып нафтапрадуктаў і падабенства паміж імі, беларусу спатрэбіліся два месяцы. Пры сярэднім паказчыку па ўсіх лабараторыях у 75%, дакладнасць вынікаў айчынных спецыялістаў ацанілі ў 88%.

Тады лабараторыя Дзяржкамітэта ўвайшла ў дзясятку лепшых, паказаўшы шосты вынік. Прайшоў год, і нашым судмедэкспертам няма роўных. Першыя, і ўжо з 99-ю працэнтамі дакладнасці.

Сяргей Качарскі, начальнік аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі:

"У выніку арганізацыя хоча выйсці на адзіны стандарт па ідэнтыфікацыі такіх разліваў, які будзе прыняты ва ўсіх краінах Еўропы і свету. Зразумела, яны зацікаўленыя ў прыцягненні самых лепшых спецыялістаў. І тое, што наш спецыяліст паказаў такі высокі вынік сярод самых лепшых, гэта вельмі прэстыжна".

У Беларусі няма такіх нафтавых разліваў. Але ёсць праблема па ідэнтыфікацыі змененых нафтапрадуктаў. І тут кола здарэнняў куды шырэйшае - ад крадзяжоў, калі спрабуючы схаваць выкрадзенае, чалавек можа выліць паліва ў зямлю, да забойства, сляды якога таксама нярэдка сціраюць агнём. Задача нязменная - знайсці вінаватага.

Яшчэ гадоў 10 таму аб такіх выніках беларускія судмедэксперты маглі толькі марыць. Па сутнасці, гэта стала магчымым толькі з 2013 года. 5 гадоў таму па ўказе Кіраўніка дзяржавы ў адзіную сістэму былі сабраныя ўсе экспертныя службы краіны. Да стварэння дзяржкамітэта неабходнае абсталяванне і спецыялісты былі толькі ў Мінску і двух абласных цэнтрах, а чарговасць на правядзенне даследаванняў даходзіла да 6 месяцаў. Сёння самыя складаныя экспертызы робяць на працягу гадзіны і ў любым рэгіёне краіны.