Спосабы падтрымкі маладых літаратараў Беларусі абмяркоўвалі сёння ў Доме прэсы

31 января 2020
За авальным сталом сабраліся рэдактары, пісьменнікі, спецыялісты адукацыйнай сферы. Сёння ў краіне афіцыйна зарэгістраваныя тры творчыя саюзы пісьменнікаў, але працэнт маладых аўтараў невялікі. Нават з улікам узроставай планкі для літаратурнага асяроддзя - да 40 гадоў. Тым не менш у распараджэнні "навічкоў" існуе мноства спосабаў самавыяўлення - ад рэспубліканскіх алімпіяд па мове і літаратуры для школьнікаў, універсітэцкіх клубаў для студэнтаў да рэдакцый спецыялізаваных выданняў з моладзевай аўдыторыяй. Акрамя таго, у нашай краіне актыўна развіваецца сеткавая літаратура. 

Кацярына Роўда, кіраўнік клуба "Клумба" БДУ, член Саюза пісьменнікаў Беларусі: "Нягледзячы на тое што мы такія маладыя - нам 5 гадкоў, атрымалася так, што на сённяшні дзень мы можам смела пахваліцца тым, што 5 чалавек сталі членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яны выдаюць свае кнігі, яны актыўна публікуюцца ў беларускіх і не толькі беларускіх сродках масавай інфармацыі, яны прадстаўляюць Беларусь на ўсемагчымых пляцоўках, форумах, рэалізуюць шмат цікавых праектаў".

Алег Зайцаў, старшыня беларускага літаратурнага саюза "Полацкая галіна": "Праблема сёння ўзнікае ў тым, што сёння не зразумелы статус самога пісьменніка, гэта сёння адна з нямногіх адзінак, якая не ўбудаваная ў сістэму сацыяльна-працоўных адносін дзяржавы. Я разумею, што гэтая тэма не выведаная, але падыходзіць да яе трэба, таму што мы рызыкуем праз 40-50 гадоў пісьменнікаў наогул не знайсці, таму сітуацыю трэба мяняць менавіта на дзяржаўным узроўні, сур'ёзна падыходзіць да гэтага пытання".

Мінская міжнародная кніжная выстава адкрыецца 5 лютага


Выданні маладых аўтараў Беларусі можна будзе ўбачыць на нацыянальным стэндзе падчас XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Яна адкрыецца ў выставачным цэнтры "БелЭкспа" 5 лютага. На форум збяруцца прадстаўнікі кніжнай галіны з больш як 30 краін блізкага і далёкага замежжа. Ганаровы госць сёлета - Расія, а галоўны экспанент - ЗША.