Спартыўнаму каментатару Уладзіміру Навіцкаму сёння спаўняецца 65!

8 мая 2019

Дзеля кар'еры на тэлебачанні кінуў працу інжынера, вывучыў беларускую мову і неўзабаве каментаваў хатнія матчы мінскага "Дынама" на ўвесь Саюз! З месца падзей адпрацаваў  12 Алімпіяд. За 38 гадоў тэлевізійнай кар'еры выступаў у ролі не толькі спартыўнага каментатара, але і аператара, перакладчыка, аўтара праектаў "Ёсць толькі імгненне" і "Спорт, спорт, спорт...". Уладзіміру Навіцкаму сёння спаўняецца  65! Заслужаны дзеяч культуры Беларусі атрымаў віншаванні і ад кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі.  Павел Капуцкі - адзін з тых, хто вырас на рэпартажах Уладзіміра Мікалаевіча. 

Уладзімір Навіцкі спецыяльна для нас дома, на кухні,  каменціруе  пераможнае відэа 2002 года матча са шведамі. Але яго яркая тэлевізійная кар'ера пачалася за два дзясяткі гадоў да Солт-Лэйк-Сіці. 

З 1982 года і да развалу СССР Уладзімір Мікалаевіч каменціраваў  хатнія гульні мінскага "Дынама" для Цэнтральнага тэлебачання. Даказаў, што замена з Масквы не патрэбная. Яго некалькі разоў клікалі працаваць у Белакаменную. Адмаўляўся. З легендарнай плеяды, дзе былі Пературын, Маслачэнка, Маёраў, Махарадзэ, жывыя і працягваюць працаваць толькі Уладзімір Навіцкі і Генадзь Арлоў. 

Уладзімір Навіцкі, каментатар тэлеканала "Беларусь  5": "Неяк так атрымалася, што ў дні нараджэнняў:  мае, жонкі, унучак, сына, у 99-ці  працэнтах выпадкаў быў на працы, нават рэпартажы не раз вёў, калі сыходзілі з жыцця родныя,  блізкія людзі. Праца - гэта ўсё. Гэта па-ранейшаму сэнс жыцця ў пенсіянера Навіцкага.  Ну,  гэта сумная тэма. Не толькі тут з-за ветру гэта вільготна становіцца".

На першых для суверэннай Беларусі Гульнях у Лілехамеры Уладзімір Навіцкі яшчэ і аператар. Па вяртанні робіць тры 40-хвілінныя выпускі "Рэха Алімпіяды". І такіх гісторый шмат.

Павел Булацкі, дырэктар дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5": "Часам на Алімпіядах вельмі вялікія адлегласці паміж гасцініцай і спартыўнымі аб'ектамі. І Навіцкі, каб з раніцы быць у форме, паспець падрыхтавацца да рэпартажу, таму што напярэдадні спаборніцтвы заканчваліся  позна, ён часам заставаўся на арэне, начаваў на арэне, каб добра падрыхтавацца".

Дзмітрый Герчыкаў, каментатар тэлеканала "Беларусь 5": "Вельмі добра, што такія людзі ёсць. Таму што калі ты працуеш побач або разам з такім каментатарам, ты жадаеш адпавядаць. Ты ўвесь час сябе падганяеш, разумеючы, што Уладзімір Мікалаевіч можа і пачуць, можа і цябе добрым жартам падкалоць".

Ганна Любянкова, каментатар тэлеканала "Беларусь 5": "Уладзімір Мікалаевіч вельмі душэўны. Ён нас усіх любіць.  Мы - падрастаючае  пакаленне, якое прыйшло,   ён нас пад крыло ўзяў і дапамагаў. Для мяне Уладзімір Мікалаевіч - самы адказны каментатар "Беларусь 5".  У яго заўсёды з сабою вялізная колькасць матэрыялу. У тым ліку і лісцікі,  распісаныя ад рукі. Ён заўсёды ведае,  дзе ў яго што. І я сама ў яго гэтаму вучылася. Потым рабіла пазнакі".

"Калі ружы ў кватэры і кава ў пасцель  - гэта рамантыка, тады Уладзімір Мікалаевіч рамантык", -  гаворыць Святлана Навіцкая. Рамантык у сям'і, рамантык у працы.