Спецпрадстаўнік ПА АБСЕ Кент Харстэд наведаў Парк высокіх тэхналогій

23 января 2018

Спецпрадстаўніка ПА АБСЕ сёння прымалі і ў Парку высокіх тэхналогій. Кент Харстэд шмат чуў пра гучныя праекты нашых распрацоўшчыкаў і падкрэсліў, што падатковы рэжым у рамках ПВТ і новыя прававыя нормы з сусветнай практыкі - гэта добры пасыл для інвестараў. Вялікую цікавасць у замежных партнёраў выклікае ўкараненне інавацый у розныя сферы эканомікі Беларусі. На сустрэчы гаварылі і аб укараненні блакчэйну і крыптавалют. Нагадаем, у снежні быў падпісаны дэкрэт "Аб развіцці лічбавай эканомікі", які дае зялёнае святло гэтым тэхналогіям.

Аляксандр Марцінкевіч, намдырэктара Парка высокіх тэхналогій:

"У нас адбылася вельмі цікавая дыскусія, падчас якой мы абмяняліся меркаваннямі. Тое, што звязана з блакчэйнам, крыптавалютамі, ICO, - гэта прававое асяроддзе, якое штодня змяняецца, новыя рашэнні. Сённяшняя сустрэча была ў гэтым дачыненні вельмі карысная, таму што мы пачулі тое, што адбываецца ў Еўропе, і распавялі тое, што адбываецца ў нас".

Сёння ПВТ вырабляе каля паловы высокатэхналагічнай прадукцыі для еўрапейскіх заказчыкаў.