Спецыяльная камісія, створаная па даручэнні Прэзідэнта, працягвае вывучаць праблемы будаўнічай галіны

8 июля 2013

Працу ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва эксперты разгледзелі на прыкладзе сталіцы, дзе пытанняў больш чым дастаткова: ад зацягвання тэрмінаў да неэфектыўнага выкарыстання сродкаў.


Павел Фірсаў пра вынікі шматгадзіннай дыскусіі. Да працы ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва рабочая група вяртаецца другі раз і прысвячае абмеркаванню суботнюю раніцу. Праблем столькі, што аднаго пасяджэння не хапіла. Прыйшлося застацца пасля ўрокаў, - іранізуе Андрэй Кабякоў. Наконт стану спраў у сталіцы дакладвае намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Галь. У сталіцы працуюць 9 раённых ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва. Сярод асноўных праблем - нізкі ўзровень кваліфікацыі кадраў. Пры гэтым асноўная профільная ВНУ краіны - БНТУ - рыхтуе толькі рыелтараў, спецыялістаў службы заказчыка сярод выпускнікоў няма.


Андрэй Галь, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама: Яны атрымліваюць спецыяльнасць рыелтар. Але гэта купі-прадай. Калі такое сёння ў БНТУ запатрабаванае і дзеці ідуць на гэта, то калі будзе набор на спецыялістаў службы заказчыка, яны павінны, на мой погляд, тры або чатыры гады атрымліваць асноўную спецыяльнасць, каб мець магчымасць прыйсці на будоўлю работнікам.


Андрэй Кабякоў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: Давайце мы прадумаем сістэму падрыхтоўкі людзей, якія будуць ажыццяўляць функцыю заказчыка. Я чую, што нешта ў нас не так у падрыхтоўцы будаўнічых спецыяльнасцяў у ВНУ, і, відаць, нейкі курс заказчыка павінен быць на любой будаўнічай спецыяльнасці.


Звяртае на сябе ўвагу і цякучасць кадраў. Адразу ў некалькіх ўпраўленнях летась штат змяніўся на 80%. Эфектыўнай працы УКБ перашкаджае таксама празмерная колькасць дробных функцый. Напрыклад, правядзенне бягучага альбо капітальнага рамонту, хаця справіцца з гэтым могуць профільныя ўпраўленні горада. На думку Андрэя Кабякова, функцыю заказчыка УКБ павінны выконваць у адносінах толькі новых аб'ектаў, ці то жыллё або сацыяльная інфраструктура. Разабрацца ў сітуацыі даручана кіраўніцтву горада.


Андрэй Кабякоў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: Мы прапануем Мінгарвыканкаму разгледзець і вывучыць магчымасць, каб упраўленні капітальнага будаўніцтва не перагружалі дробнымі, малаважнымі, але клапотнымі аб'ектамі, функцыі па якіх могуць выканаць іншыя структуры.


У кантралюючых органаў сур'ёзныя прэтэнзіі да УКБ па эфектыўным расходаванні сродкаў. Сур'ёзныя сумы замарожаныя ў незапатрабаванай праектнай дакументацыі. Многія праекты прафінансаваныя, але так і не скончаныя. Ледзь не кожны трэці аб'ект у 2012-м са звышнарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва. Мае месца і завышэнне кошту будаўніча-мантажных работ. Андрэй Кабякоў даручае за кароткі тэрмін навесці парадак у гэтай сферы.


Андрэй Кабякоў, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: Заплаціць грошы, не атрымаць вынік, кінуць і аддаць гэтую працу іншаму і зноў заплаціць грошы. Гэта падсудная справа аж да крымінальнага праследавання.


Для больш выразнай каардынацыі ўраўленняў капітальнага будаўніцтва неабходна стварыць інтэграваную структуру. Прапаноўваецца ўвесці падначаленне раённых УКБ упраўленню капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. Разам з тым у раённых адміністрацый захаваецца адказнасць, напрыклад, за мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых рэсурсаў і сродкаў дзяржпадтрымкі. Яшчэ адна прапанова рабочай групы - увесці абавязковую акрэдытацыю падрадчыкаў і атэстацыю спецыялістаў у будаўнічай сферы.


Каб пазбавіць рынак ад фірм-аднадзёнак, акрэдытаваныя кампаніі будуць унесеныя ў электронную базу даных, а вось для нядобрасумленных падрадчыкаў створаць чорны спіс у адкрытым доступе для патэнцыйных кліентаў. Наступнае пасяджэнне рабочай групы адбудзецца ў аўторак: на парадку дня сітуацыя ў будаўнічым комплексе Віцебскай вобласці.