Спецыяльная камісія станоўча ацаніла гатоўнасць пляжаў

22 мая 2014

Сёння падчас аб'езду зон адпачынку спецыяльная камісія станоўча ацаніла гатоўнасць пляжаў да купальнага сезона. Зараз на 25-ці гарадскіх пляжах Мінска і прысталічча ўсталёўваюць дадатковыя мангалы і жароўні, новыя драўляныя сталы і лавы.


Чым яшчэ сустрэнуць пляжы сваіх адпачывальнікаў - ведае Марына Мураўёва.


Першае, на што звяртаюць увагу рэвізоры, - наяўнасць інфармацыйных стэндаў, дадатковых кантэйнераў для смецця. Сёлета іх колькасць павялічылася амаль удвая.


Пляжную мэблю таксама абнавілі. Драўляныя сталы і лавы ў першую чаргу з'явіліся каля вадасховішча Пціч. На ўсіх пляжах устанавілі мангалы і жароўні.


Для аматараў актыўнага адпачынку - сцежкі здароўя. Яны вядуць амаль да кожнай зоны адпачынку.


На наступным тыдні дно берагоў 25-ці пляжаў ачысцяць ад смецця. Зараз тэмпература вады трымаецца на ўзроўні 17 градусаў. Яе санітарны стан, паводле слоў супрацоўнікаў эпідэмслужбаў, адпавядае норме.


Паводле слоў спецыялістаў, усе пляжы гатовы да купальнага сезона. У хуткім часе пачнуць працаваць пункты гандлю. За якасцю тавараў на іх будуць сачыць асабліва.