Спецыялізаваная медыцынская дапамога ў Беларусі выйшла на высокі сусветны ўзровень

7 июня 2016

Адным з прыярытэтных кірункаў у палітыцы нашай дзяржавы з'яўляецца павышэнне якасці жыцця беларускіх грамадзян, а значыць і ўзровень медыцыны. Пра тое, што найноўшыя тэхналогіі ў гэтай сферы павінны быць даступныя не толькі ў сталіцы, але і іншых кутках краіны, Кіраўнік дзяржавы гаварыў яшчэ падчас 4-га Усебеларускага народнага сходу. Было зроблена нямала, дасягненні ў наяўнасці. Складаныя аперацыі сталі звычайнай практыкай і ў рэгіёнах. Вопыт нашых урачоў пераймаюць замежныя калегі. Першымі, хто асвоіў на ўзроўні вобласці трансплантацыю органаў і тканак, былі брэсцкія ўрачы. Роўна пяць гадоў таму ў горадзе над Бугам адкрылі новае аддзяленне. За гэты час шанц на другое жыццё атрымалі сотні пацыентаў. Вікторыя Патоня ўбачыла, якія яшчэ тэхналогіі даступныя рэгіянальнай медыцыне.

Для Сяргея Івашкі гэта не проста лекі, а жыццёва неабходная працэдура. Паўтара года таму мужчына перанёс складаную аперацыю - перасадку печані. Шанц на другое жыццё яму далі менавіта брэсцкія трансплантолагі.

Сяргей Івашка, валанцёр руху "Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя": "Кудысьці калі ехаць, у іншую краіну, шалёныя грошы плаціць за гэту аперацыю. Тут на месцы лепш. І ўрачы ў нас цалкам годныя".

Менавіта Брэст стаў першым рэгіёнам, дзе пяць гадоў таму адкрылі аддзяленне трансплантацыі. За гэты час тут выканалі больш за 200 перасадак нырак. Затым асвоілі трансплантацыю печані, рагавіцы вока, лёгачнай артэрыі, аорты і нават сэрца.

Аб тым, што медыцынская дапамога павінна быць аператыўнай, якаснай, даступнай незалежна ад таго, жыве чалавек у горадзе або вёсцы, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы на 4 Усебеларускім народным сходзе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы стварэнню магутных спецыялізаваных навукова-практычных цэнтраў забяспечваецца непасрэдная сувязь навукі і практычнай медыцыны.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Беларусі: "Беларусь у частцы тэхналогій, што выкарыстоўваюцца, ужо выйшла на сусветны ўзровень. Нашы медыкі праводзяць унікальныя аперацыі, кошт якіх за мяжой - сотні тысяч долараў. А для беларускіх грамадзян перасадка органаў, эндапратэзаванне тазасцегнавых і каленных суставаў і шматлікія іншыя найскладанейшыя аперацыі практычна бясплатныя".

Летась у Брэсце з'явілася першая і пакуль адзіная ў СНД арганізацыя: "Міжнародны цэнтр: Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя". Урачы, псіхолагі і людзі з донарскімі органамі дапамагаюць у пасляаперацыйнай рэабілітацыі новым пацыентам.

Расціслаў Лаўрынюк, галоўны трансплантолаг Брэсцкай вобласці: "У сувязі з адкрыццём у рэгіёнах аддзяленняў трансплантацыі павялічылася даступнасць транспланталагічнай дапамогі ва ўсіх рэгіёнах. Удвая павялічылася колькасць аперацый па трансплантацыі ныркі. І ў 2015 годзе, гэта першы год, калі паменшыўся ліст чакання па трансплантацыі ныркі".

Галоўны ўрач абласной бальніцы, доктар медыцынскіх навук Аляксандр Карпіцкі не раз прадстаўляў свой рэгіён на Усебеларускім народным сходзе. Яго ідэі развіцця рэгіянальнай медыцыны зараз паспяхова працуюць. На 5-ы форум ён таксама адправіцца з прапановамі.

Аляксандр Карпіцкі, галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы, дэлегат 5-га Усебеларускага народнага сходу: "За час, што прайшоў ад 4 да 5 народных сходаў, з майго пункта погляду, мы падняліся на вялікую прыступку ўверх. Сёння ўвесь свет працуе над тым, каб укараняць малаінвазіўныя ўмяшанні. Таму што больш спрыяльна пераносіць пацыент, яны і менш выдатковыя ў плане бюджэту любога рэгіёна і любой бальніцы. Але яны каштоўныя тым, што прымяняецца высокатэхналагічнае абсталяванне".

Выконваць аперацыі без шрамаў і болі дазваляюць сучасныя апараты. Гэты ангіяграфічны комплекс з'явіўся ў Брэсцкай абласной бальніцы каля года таму. Спецыялісты з яго дапамогай максімальна хутка даследуюць і аднаўляюць сасуды ўсіх органаў. Часцей за ўсё ратуюць сардэчнікаў.

А гэтая міні-лабараторыя з назвай імунахемілюмінісцэнтны аналізатар па кропельцы сывараткі крыві вызначае ўзровень гармонаў, вітамінаў, а таксама бактэрыяльныя і вірусныя інфекцыі. Адначасова разумная машына праводзіць каля 200 тэстаў за гадзіну.

Яшчэ некалькі гадоў таму ўрачы выдалялі камяні ў нырках выключна хірургічным спосабам. Гэты апарат дыстанцыйнага драбнення камянёў з дапамогай ультрагуку ставіць пацыента на ногі за лічаныя гадзіны. Зараз метад эндаскапіі ў рэгіёне выкарыстоўваецца ў 98 % выпадкаў.

Аляксандр Сарока, загадчык аддзялення уралогіі №2 Брэсцкай абласной бальніцы: "Пацыент пры гэтым хутчэй папраўляецца. Дапусцім, раніцай мы аперацыю зрабілі, а вечарам ён ужо ўстае, ходзіць. Праз пару дзён можна яго выпісваць дадому".

Паводле ацэнкі экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, спецыялізаваная медыцынская дапамога ў Беларусі выйшла на высокі сусветны ўзровень. Складаныя аперацыі сталі звычайнай практыкай не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. Толькі дзякуючы брэсцкім трансплантолагам за 5 гадоў шанц на другое жыццё атрымалі 250 пацыентаў.