Спецыялісты папярэджваюць пра ўсплёск фальшывых купюр пасля дэнамінацыі

26 апреля 2016

Эксперты прагназуюць усплёск падробак грашовых купюр у Беларусі ў першы час пасля дэнамінацыі. Паводле слоў спецыялістаў, летась асаблівым попытам у фальшываманетчыкаў карысталіся 200-тысячныя банкноты. А ўжо сёлета - 100-тысячныя. Пры гэтым іх якасць невысокая. І адрозніць такія фанцікі ад сапраўдных грошай проста навобмацак, на прасвет і пры нахіле. Падрабляюць беларускія рублі з дапамогай сканара або прынтара. А вось сапраўдныя манеты адрозніваюцца выразнасцю відарыса і трываласцю.

Дзмітрый Гулідзін, начальнік галоўнага ўпраўлення цэнтральнага апарату Дзяржкамітэта судовых экспертыз Беларусі: "Вось тут эмблемка, яна дазваляе нам бачыць пад рознымі вугламі намінал, калі пакруціць, я ўжо бачу 500. Гэта элементы, якія вырабляюцца спецыяльным чынам, экспертныя абароны тут выкарыстаныя. Іх вельмі цяжка падрабіць, гэта сапраўды добрая абарона. І каштуе яна нятанна. Чаму многія краіны яшчэ не прымянілі яе? Таму што не ўсе могуць сабе дазволіць".

Новая абарона пад назвай МАСК пакуль прымяняецца толькі на новых грошах. І ў іншых краінах яе яшчэ няма. Такім спосабам адзначаныя купюры, пачынаючы з 50 рублёў.