Спецыялісты па ахове навакольнага асяроддзя занепакоеныя тым, што пачасціліся выпадкі гандлю чарамшой

10 мая 2017

Чырванакніжнік ў свабодным продажы. Спецыялісты па ахове навакольнага асяроддзя занепакоеныя тым, што пачасціліся выпадкі гандлю чарамшой, альбо як называюць у народзе гэтую расліну – мядзвежай цыбулі. Карысная, але рэдкая трава адна з першых з'яўляецца пасля зімы. На агародах чарамша вырастае крыху пазней, а таму некаторыя людзі збіраюць яе ў лесе і прадаюць на рынках. Антаніна Станкевіч прадоўжыць тэму.

Спачатку некалькі кіламетраў па бездарожжы на машыне і яшчэ два-тры - пешшу ўглыб лесу. Мядзведжая цыбуля любіць забалочаныя, вільготныя месцы, а таму знайсці чарамшу не так і проста.

Ляснічы Валерый Сёмчанка паказвае невялікую плантацыю з карыснай раслінай. Спецыяліст тлумачыць: вялікай бяды б не было, калі б людзі зрывалі па лісце з асобных купін. Аднак часцей за ўсё вырываюць адразу ўвесь куст, з карэннем. Пасля такога чарамша не расце на наступны год. Вось чаму расліна трапіла ў Чырвоную кнігу.

У продажы карысную расліну можна сустрэць на рынках. Убачыўшы тэлекамеру, прадаўцы хаваюцца за спінамі суседзяў. Аднак нам удаецца высветліць, што карысную расліну прынеслі на продаж не з уласнага агарода.

У адрозненні ад тых жа пралесак, чарамшу лясную наўрад ці адрозніш ад той, што вырошчваюць на ўласным падворку. А таму забараніць яе прадаваць на рынках не могуць. Застаецца хіба што спадзявацца на сумленнасць людзей.

А таксама на рэйды ляснічых альбо фотапасткі. Інжынер-лесапатолаг Павел Ільінчык расказвае: злавіць зламыснікаў за руку вельмі цяжка, але, калі атрымліваецца, штраф за незаконны збор расліны можа скласці больш як 400 рублёў.

Каб папоўніць лясныя запасы карыснай расліны, трэба, каб прайшло некалькі дзясяткаў гадоў. І пры гэтым людзі не павінны шкодзіць прыродзе. Толькі пры такіх умовах чарамша зможа выйсці з Чырвонай кнігі.