Выратаваць сэрца ў рэжыме аднаго тэлефоннага званка

18 июля 2013
У Беларусі прэзентавалі транстэлефонны лічбавы электракардыяграфічны комплекс. За лічаныя хвіліны гэтае медыцынскае абсталяванне дазваляе зрабіць пацыенту ЭКГ і перадаць вынікі ў бальніцу.

Больш падрабязна раскажа Паліна Іванча.

З дапамогай гэтага простага камплекту фельчар усяго за тры хвіліны зможа зрабіць электракардыяграму пацыенту і перадаць яе ў рэгіянальны медыцынскі цэнтр. Дастаткова прыкласці трубку любога тэлефона да дынаміка электракардыёграфа.

Перадаць ЭКГ можна па стацыянарных тэлефонных лініях, мабільным, радыё- і спадарожнікавым каналах сувязі і нават з дапамогай таксафона. Прыёмная станцыя звычайна размяшчаецца ў буйным медыцынскім рэгіянальным цэнтры. Перадача электракардыяграмы займае ўсяго некалькі хвілін. Такім чынам, спецыяліст зможа прааналізаваць ЭКГ пацыента на маніторы свайго камп'ютара і па тэлефоне даць дакладныя ўказанні фельчару. Усё гэта ў рэжыме аднаго званка.

Эфектыўнасць Трэдэкса (менавіта так называецца сістэма транстэлефоннай лічбавай 12-канальнай электракардыяграфіі) ўжо паспелі ацаніць дактары сталічных станцый хуткай дапамогі. За тры рабочыя дні ім удалося перадаць і прыняць каля 75 ЭКГ. Тым не менш, з аднаго прыстасавання за тыя ж 24 гадзіны на адну прыёмную станцыю звесткі могуць быць перададзеныя да 700 разоў.

Аляксандр Жынко, галоўны ўрач гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска: Гэтае абсталяванне працуе з любымі тыпамі электракардыёграфаў. У нас на падстанцыі, напрыклад, сёння ёсць 8 тыпаў розных электракардыёграфаў.

Сістэма Трэдэкс настолькі простая, што працаваць з ёй можа практычна любы спецыяліст - ад участковага ўрача і фельчара да медсястры. Бо самае важнае - дыягназ усё роўна паставіць высокакваліфікаваны кардыёлаг дыстанцыйна.

Таццяна Мандрыка, кіраўнік праекта Трэдэкс: Да 35 працэнтаў знізіліся неабгрунтаваныя выклікі фельчарскіх брыгад, кардыябрыгад. Выкарыстанне гэтай апаратуры ў сёлах павышае выяўляльнасць кардыялагічных хворых, што пасля пры лячэнні прыводзіць да зніжэння паказчыку смяротнасці.

Як мінімум на 2 працэнты за год. Гэта статыстыка на радзіме медыцынскага абсталявання - у Расіі. Электракардыялагічныя комплексы Трэдэкс ужо працуюць практычна ва ўсіх краінах СНД, бліжэйшыя пастаўкі чакаюцца ў Кітай і Заходнюю Еўропу. А ў красавіку кампанія адкрыла філіял і ў Беларусі. Магчыма, што ў хуткім часе сістэма з'явіцца ў рэгіянальных бальніцах і сельскіх фельчарскіх пунктах.