Ратавальнікі Мінскай вобласці тушылі нафтасховішча ў Фаніпалі

27 Ліпеня 2017

Не толькі тоны вады, але і кубаметры спецыяльнай пены. Сёння ратавальнікі Мінскай вобласці тушылі нафтасховішча ў Фаніпалі. Там прайшлі штабныя вучэнні. Эвакуацыя людзей, тэхніка тушэння нафтапрадуктаў і правілы ліквідацыі ўсіх наступстваў.

За відовішчнымі дзеяннямі прафесіяналаў назірала Антаніна Станкевіч.

Па трывожных гуках сірэны адразу зразумела: здарылася штосьці сур'ёзнае. Механічны голас просіць пакінуць месца здарэння. Адразу ж выязджае спецыяльная брыгада ратавальнікаў. Вядома, такія сур'ёзныя аб'екты маюць уласную шматступеньчатую сістэму пажаратушэнняў. Аднак, па легендзе, яе цалкам пашкодзіла выбухам.

Адразу ж некалькі дзясяткаў ратавальнікаў пачынаюць змагацца з полымем. Спачатку ачаг узгарання трэба астудзіць, а тэмпература такіх пажараў можа дасягаць 800 і нават больш градусаў. Ратавальнікі працуюць групамі, па тры-чатыры чалавекі. І ў гэтым ёсць свой сэнс і свая логіка.

За дзеяннямі ратавальнікаў назіраюць кіраўнікі ўсіх пажарных службаў Мінскай вобласці. Усе ж здарэнні такога кшталту адбываюцца не кожны дзень і нават не раз на год. На вучэннях як раз і адпрацоўваюць адзіны алгарытм працы.

А гэта ўжо кадры рэальнага пажару, які здарыўся тут 20 гадоў таму. У 97-м загарэўся адзін з рэзервуараў. Тушылі моцнае полымя больш за дзве гадзіны.

Начальнік аддзела па ахове працы нафтабазы ў мінулым і сам ратавальнік. Той дзень памятае і сёння літаральна па хвілінах.

Здарэнні на месцах, дзе захоўваюцца вялізныя аб'ёмы паліва, лічацца аднымі з самых небяспечных. А таму такія вучэнні тут праводзяць рэгулярна не толькі днём, але і ноччу.