Ратавальнікі Мінскай вобласці адправіліся ў рэйд, каб праверыць дамы і кватэры

16 сентября 2015

Праверыць гатоўнасць жылля да абагравальнага сезона. Ратавальнікі Мінскай вобласці адправіліся ў рэйд, каб праверыць дамы і кватэры. Самаробная электраправодка, керамічны комін або патрэсканая печка - такія парушэнні ёсць амаль у кожным прыватным доме. Гаспадарам, якія не выконваюць патрабаванні супрацоўнікаў МНС, прыйдзецца заплаціць штраф. Рэпартаж Яна Пашкевіча.

Мінулы візіт ратавальнікаў для Алены Мацвеевай не прайшоў дарэмна. Гаспадыня ўзялася выпраўляць недахопы - рамантуе абедзве печкі, каб да новага сезона падрыхтавацца належным чынам.

Пабелка неабходна, каб бачыць, ці ёсць у печы трэшчыны. Дровы павінны гарэць у ёй максімум дзве гадзіны, на справе ж атрымліваецца інакш - многія гаспадары паляць у печы паўдня. Як вынік - нават вогнетрывалая цэгла не вытрымлівае.

Нягледзячы на добры знешні выгляд гэтай печы, яна наогул не адказвае нормам пажарнай бяспекі. Прыпячны металічны ліст павінен быць значна большым - 50 на 70 сантыметраў, каб вуглі не падалі на драўляную падлогу. А адлегласць паміж сцяной і печчу павінна быць не менш за 10 сантыметраў, каб шпалеры або дыван не загарэліся.

Не менш небяспечнай з надыходам халадоў становіцца і ненадзейная самаробная электраправодка. Напружанне ў сетцы падымаецца так, што няправільна злучаныя правады яго не вытрымліваюць.

Найперш ратавальнікі правяраюць неўладкаваныя сем’і і пажылых людзей, якія жывуць адны. Калі яны самі не могуць выправіць недахопы, ім дапамагаюць сацыяльныя службы.

Уладзімір Пікуза, начальнік Барысаўскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях МНС Беларусі: "Для злосных жа парушальнікаў, якія не хочуць да нас прыслухоўвацца, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць да 30 базавых велічынь. Сёлета з-за парушэння правіл пажарнай бяспекі, звязанай з пячным ацяпленнем, адбыліся толькі два пажары. Гэта 2 % ад агульнай колькасці пажараў".

З пачатку года ў Мінскай вобласці зарэгістравана амаль 900 пажараў. Ратавальнікі не выключаюць, што з надыходам халадоў гэта лічба можа павялічыцца. Як паказвае сумная статыстыка, больш за палову ўзгаранняў можна было пазбегнуць, а больш дакладна - папярэдзіць дбайнасцю гаспадароў.