Ратаваць - гэта іх мара з дзяцінства!

11 сентября 2014
У адукацыйна-аздараўленчым лагеры Зубраня адкрыўся сямнаццаты злёт юных ратавальнікаў-пажарных. Хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх куткоў нашай краіны прыехалі ў лагер пазмагацца за званне лепшай дружыны.
Аляксандр Харавец працягне тэму.
Ёй усяго 15 гадоў, а яна ўжо камандзір. Пад кіраўніцтвам Насці Пятрышчы 23 юныя ратавальнікі. І ўсе яе каманды школьнікі выконваюць безпярэчна. Сама ж дзяўчына прызнаецца: спачатку такой адказнасці спалохалася. Ды і змена любімых абцасаў на строгія чаравікі далася няпроста.
Анастасія Пятрышча, вучаніца ваенна-патрыятычнага класа гімназіі № 1 г. Жодзіна: Калі першы раз абула гэты абутак, усё вельмі ціснула. Здавалася, я нікуды не пайду. А зараз мне падабаецца, емкім стаў абутак. У нас вельмі дружная каманда. У нас адна мэта, і мы ідзём да перамогі.


Пазмагацца за перамогу ў Зубраня прыехалі больш за 200 юных ратавальнікаў. Кожная каманда ўжо пераможца абласных спаборніцтваў. Цяпер час выбіраць лепшага па краіне. У якасці старту - паказальнае дэфіле перад галоўнымі па надзвычайных сітуацыях.
Уладзімір Вашчанка, Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі: Удзел у гэтых злётах дазваляе ім рабіць сваё жыццё бяспечным, і не толькі сваё. Ёсць шмат прыкладаў, калі яны дапамагаюць родным, блізкім, сябрам і проста незнаёмым людзям, якія трапляюць у бяду.


Спаборнічаюць каманды не толькі ў страявой падрыхтоўцы, але і ў пераадоленні стомятровай паласы перашкод, пад'ёме па штурмавой лесвіцы на вучэбную вежу і ў пажарнай эстафеце.
Удзельнікам злёту не больш за 16 гадоў, аднак і ў гэтым узросце юныя ратавальнікі з лёгкасцю могуць патушыць пажар, выратаваць чалавека, які тоне, аказаць дапамогу пры падзенні верталёта і нават лакалізаваць хімічную аварыю.
Акрамя спартыўных эстафет, юныя ратавальнікі спаборнічаюць паміж сабой у інтэлектуальных і, вядома, творчых конкурсах - гульні КВЗ, конкурсы песень і танцаў.
Надзея Ануфрыева, дырэктар нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра Зубраня: За гэты перыяд у Зубраняці пабывалі амаль 3 тысячы дзяцей. Многія ўжо прыязджаюць з пагонамі ў якасці кіраўнікоў каманд. Для нас гэта любімая змена. Гэта выдатны прыклад, як трэба дарослым працаваць з дзецьмі.


Наперадзе ў юных ратавальнікаў больш за два тыдні вясёлага адпачынку, вучобы і новых знаёмстваў. А пакуль яны адказна рыхтуюцца да прэс-канферэнцыі з міністрам па надзвычайных сітуацыях Беларусі.