Стваральнік "Ералаша" Барыс Грачэўскі выступіў у Мінску з творчым вечарам

22 сентября 2017

На яго кіначасопісе вырасла не адно пакаленне дзяцей. З творчым вечарам у беларускай сталіцы выступіў стваральнік "Ералаша" Барыс Грачэўскі. Вясёлыя гісторыі вось ужо 43 гады не сыходзяць з тэлеэкранаў. Што застаецца за кадрам, у рэпартажы Дар'і Тарасавай.

Паўтары гадзіны без антракту. Стваральніку культавага «Ералаша» ёсць чым падзяліцца з юнымі гледачамі. Тым больш права першымі ацаніць на экране новыя серыі кіначасопіса Барыс Грачэўскі пакінуў за беларускай публікай. Інтэрактыўнае шоу - гэта не проста аповед пра штотыднёвыя здымкі і мантаж «Ералаша», а рэальная магчымасць для маленькіх гледачоў прадэманстраваць свае таленты. Падчас творчай сустрэчы правялі акцёрскія пробы ў пошуку новых маладых артыстаў, усё, зразумела, у гумарыстычным, уласцівым «Ералашу» жанры.

Барыс Грачэўскі, мастацкі кіраўнік дзіцячага кіначасопіса «Ералаш»: "Вельмі люблю Беларусь, вельмі люблю Мінск, таму што ён фантастычны. Беларускія дзеці ўсё ж трошкі іншыя, таму мне цікава, як яны будуць рэагаваць на нашы гісторыі і на нашы адносіны, і, пэўна, усё ж, карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць, што мы жывыя і кожны тыдзень здымаем новы "Ералаш". Вось учора знялі новы, сёння яго ўжо павінны прывесці ў парадак, зманціраваць, і да вечара, я спадзяюся, атрымаю ўжо гатовы сюжэт сюды".

У беларускую сталіцу Грачэўскі завітаў у дзень сваёй творчай сустрэчы, яго тэлефон і сёння разрываецца ад мноства званкоў па працы. На званку ў бацькі “Ералаша” вядомыя кожнаму пазыўныя кіначасопіса, якія ўжо даўно лічацца самастойным хітом. Дарэчы, перш чым выйсці на сцэну, масціты кінарэжысёр апрабаваў мінскую пляцоўку, святло і гук яшчэ на рэпетыцыі.

З Мінскам прадзюсара і мастацкага кіраўніка “Ералаша” звязваюць гады сумеснай творчай дзейнасці. Тут праходзілі кастынгі ў рэйтынгавы праект і нават знялі некалькі эпізодаў гумарыстычнага кіначасопіса. Над стварэннем культавага “Ералаша” разам з Грачэўскім працуюць і беларускія сцэнарысты. Ён сам удзельнічаў у конкурснай праграме кінафоруму “Лістапад” і нават дапамог прыдумаць дзіцячы кінафестываль “Лістападзік”.

Прадзюсар кіначасопіса падзяліўся перспектывай стварэння школы “Ералаша” ў Беларусі. Студыю для хлопчыкаў і дзяўчынак Грачэўскі плануе заснаваць у Мінску. Акрамя знакамітага праекта, нязменны мастацкі кіраўнік кінаэпапеі “Ералаш” працуе і з поўным метрам. Так, беларускаму гледачу Грачэўскі ўжо прэзентаваў адну са сваіх карцін ''Дах''. У планах яшчэ адна стужка. Гэта пранізлівая гісторыя, а менавіта экранізацыя адной з навэл Стэфана Цвейга. Канцэпцыю і назву фільма аўтар трымае ў сакрэце.