Стварыць усе ўмовы для працы ў любым кутку краіны - адна з ключавых задач палітыкі дзяржавы

30 января 2018

Новыя рабочыя месцы, індывідуальны падыход, дапамога ў цяжкай сітуацыі - новы фармат цывілізаванага рынку працы прапісаны да нюансаў дэкрэтам № 1. Зрэшты, галоўнае - роўнасць усіх беларусаў і адказнасць сацыяльная. Пытанне працаўладкавання аднолькава хвалюе жыхароў невялікіх вёсак і буйных гарадоў. У пошуках заробку беларусы нярэдка адпраўляюцца і ў суседнія краіны. У рэгіёнах ужо пачынаюць арганізоўваць спецыяльныя камісіі - на іх будзе асноўная адказнасць за беспрацоўе. У іх склад увойдуць дэпутаты, мясцовая ўлада, сацыяльныя службы і прафсаюзы. Як пытанне занятасці вырашаецца на сяле і ў малых гарадах - даведваліся нашы карэспандэнты.

Расказвае Вікторыя Патоня.

У мужа і жонкі Кулікоўскіх ненармаваны рабочы дзень, месяц і нават год. Фермерамі Наталля і Васіль сталі 16 гадоў таму, калі вырашылі працаваць на сябе. Вырошчваюць бульбу, збожжавыя культуры і рапс. Самі знайшлі рынкі збыту, экапрадукцыю адпраўляюць на крухмальныя заводы Беларусі і Расіі. Зараз гэтая невялікая фермерская гаспадарка, дадаткова ў штаце працуюць яшчэ два вадзіцелі. На мехдвары тры трактары, камбайн, прычэпныя агрэгаты. Адно з апошніх набыццяў - фура ў лізінг. Фермеры хочуць пашыраць вытворчасць, значыць і дадатковыя рабочыя рукі неабходныя.

Яшчэ ўчора мінчанка, а сёння гаспадыня аграсядзібы ў Пухавіцкім раёне. Летась Вольга Баранская прыняла радыкальнае рашэнне - пераехаць у вёску і развіваць бізнес на сяле. Не задумваючыся, выбрала і тэматыку - прагулкі на конях і паляванне. Жывёліны ўжо былі, але спатрэбіліся грошы на афармленне тэматычнага інтэр'еру. Дапамагла дзяржава ў выглядзе бязвыплатнай субсідыі.

Праца і жыццё ў вёсцы Вольгу не палохае. Ды і сама яна гаворыць: не проста адкрыла сваю справу, але і знайшла сябе. Ужо рыхтуецца да новага аграсезона.

А гэта прыклад таго, як інвестпраект змог вярнуць да жыцця цэлую фабрыку. Папярэдняе прадпрыемства па вырабе абутку аказалася ў стратах. Людзі хваляваліся, што застануцца без працы. Але новы інвестар прапанаваў працаўладкаванне і сёння стварае нават новыя рабочыя месцы.

20 гадоў у сценах гэтага будынка размяшчалася прадпрыемства, па выпуску брэндавага спартыўнага абутку. Але з-за фінансавых цяжкасцей яго ліквідавалі. Буйная абутковая кампанія-інвестар рэанімавала вытворчасць, выкупіла будынак за адну базавую і набыла абсталяванне ў папярэдняга ўласніка.

Праца па вырабе абутку спецыфічная, таму ўсе кваліфікаваныя кадры вярнуліся ў цэх. Раскройшчык скуры вышэйшага разраду Наталля Станкевіч гаворыць, што знайсці працу ў маленькім горадзе складана, таму на фабрыку вярнулася з задавальненнем.

Прадпрыемства сёння акцэнт робіць на спартыўным, хатнім і рабочым абутку. Прадукцыя не ляжыць на складах, а ідзе ў гандлёвыя сеткі не толькі суседніх краін, але і Амерыкі. Сёння на фабрыцы занятыя 300 чалавек. 90 % работнікаў - жанчыны. Закупляецца новае абсталяванне, таму штат плануюць павялічыць. Каб пазбегнуць дэфіцыту кадраў, тут практыкуюць і перанавучанне.

Пытанні працаўладкавання аднолькава хвалююць жыхароў вёсак, малых і буйных гарадоў. Садзейнічанне легальнай занятасці, згодна з першым дэкрэтам, прадугледжана на ўсіх узроўнях. Ключавая роля адведзена мясцовым органам улады, а да кожнага суіскальніка - індывідуальны падыход, зыходзячы з жыццёвых сітуацый.