Стварэннем лялек-абярэгаў займаюцца майстры са Станькава

23 июня 2020
Майстры Станькаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці рыхтуюцца да вялікай выставы-кірмашу. Яна традыцыйна пройдзе ў Дзяржынску на Дзень горада - 3 ліпеня. Народныя промыслы раёна звычайна прадстаўлены шматлікімі відамі творчасці, а на гэты раз падрыхтаваны дзве вялікія выставы: "Час выцінанкі" і "Моц сям'і". Як нараджаюцца народныя шэдэўры ў дзяржынскіх майстроў,  назірала Ларыса Гулякевіч.

Гадзіннікі ў стылі беларускай выцінанкі


Складаны механізм гэтых гадзіннікаў з усімі дробнымі  шасцернямі ды маятнікамі зроблены выключна з дрэва. Вядомы майстар  Андрэй Мартынюк  асвоіў няпростую тэхніку выразання і займаецца стварэннем драўляных гадзіннікаў каля 10 гадоў. Дадаць ім нацыянальны каларыт ў выглядзе выцінанкі - даўняя мара, якую аўтар ажыццявіў толькі зараз. 

У новай калекцыі 20 гадзіннікаў. Аўтарскія эскізы вядомых майстроў выцінанкі беражліва пераносіліся з камп'ютарнай праграмы на спецыяльны станок, а затым дакладна выразаліся лазерам па дрэве. 

Станькаўскі дом майстроў рыхтуецца да вялікай выставы-кірмашу. Гэтая выстава драўляных гадзіннікаў, упрыгожаная аўтарскімі выцінанкамі, сабраных па ўсёй Беларусі. Другая выстава - лялечная і называецца "Моц сям'і". Кожны абярэг ахоўвае гаспадара па-свойму. Гэты, напрыклад, зычыць багацця.

Лялькі-абярэгі, створаныя гэтымі майстрамі, ахоўваюць сям'ю, дораць шчасце, здароўе і дабрабыт. Кожная лялька мае нацыянальны аксесуар у выглядзе пояса з беларускім арнаментам.

Ала Бялясава каля 25 гадоў займаецца лялькамі, а натхняе на майстэрства яе вялікая сям'я - муж і трое дзетак. 

А вось для Веранікі гэта першая калекцыя лялек. Распісвае сама тканіну, валасы  робіць з лёну, які спачатку адбельвае, а потым афарбоўвае. 

Лялькі зроблены ў розных тэхніках. Яны абагульняюць узоры ткацкіх паясоў і аб'ядноўваць розныя часы нашай гісторыі.