Створана праграма, якая зможа распавесці пра лёс чалавека па фатаграфіі далоні

2 января 2017

Што чакае нас у новым 2017 годзе, зараз можна даведацца з дадатка. Беларускія распрацоўшчыкі выпусцілі праграму, якая па фатаграфіі далоні зможа распавесці пра лёс чалавека практычна ўсё. Аўтары пераконваюць, такая база звестак у адным сэрвісе сабрана ўпершыню. Дадатак  даступны на 7 мовах. Праграму пратэставала і Юлія Грызунт.

Ці могуць лініі на далоні распавесці пра чалавека? Гэтым пытаннем упершыню задаўся Арыстоцель яшчэ каля 350 года да нашай эры. Пасля  было выдадзена мноства прац на гэтую тэму, а мільёны людзей імкнуліся знайсці  заканамернасці і ўбачыць будучыню як на далонях. І вось сёння, праз тысячы гадоў, беларускія распрацоўшчыкі сабралі практычна ўсю гэтую інфармацыю ў адным мабільным дадатку.

Алег Цэдрык, кіраўнік праекта: "Сам дадатак быў створаны для таго, каб аказацца памочнікам, асабістым памочнікам для чалавека. Г.з. у цябе ў кішэні тэлефон, у цябе ўзнікла пытанне па працы, сям'і, філасофскае пытанне жыцця нейкае. Ты можаш сфатаграфаваць далоні і скарыстацца паслугамі цалкам аддалена, не трэба хадзіць да спецыялістаў, усё даступна ў графіках, у лічбах. І гэту тэхналогію мы плануем развіваць на максімальны ўзровень".

Алег Цэдрык вось ужо каля 10 гадоў чытае па руцэ. Алічбаваць і паскорыць працэс спазнання дапамаглі трое знаёмых праграмістаў. У беларускім дадатку зусім няма ніякай эзатэрыкі, падкрэсліваюць распрацоўшчыкі. Праграма максімальна простая.

Дадатак фатаграфуе далонь і асобна кожны палец правай і левай рукі. У гэты час звесткі пачынаюць апрацоўвацца і адразу пасля іх атрымання на працягу літаральна 5 секунд  поўная інфармацыя аб чалавеку з'яўляецца на экране. З дадатковымі каментарыямі да кожнага з пунктаў.

Дадатак даступны на 7 мовах: рускай, англійскай, японскай, кітайскай, карэйскай, іспанскай і нямецкай. Яго запампавалі больш за 350 тысяч разоў. Гэта дазваляе штодня папаўняць базу звестак і кожны месяц выпускаць абнаўленні. Спачатку сэрвіс мог распавесці толькі пра асаблівасці характару і здольнасці. Далей  знайсці пару літаральна па адбітках пальцаў. Новая функцыя стала перадумовай для стварэння ўжо дзеючай сацыяльнай Сеткі. А са снежня  дадатак навучыўся рабіць  прагноз на будучыню ў фармаце пытанне - адказ.

Аляксандр Мамойка, распрацоўшчык матэматычнага алгарытму апрацоўкі адлюстравання: "Вельмі высокая неабходна дакладнасць для вызначэння ўсіх біяметрычных параметраў. І вось вы тут бачыце вынік - кропкі вызначаюць, дзе знаходзяцца фалангі пальцаў, таксама важная апорная лінія, якая знаходзіцца на руцэ. Яны важныя для разлікаў параметраў чалавека. Мы ўводзім нейкі алгарытм толькі тады, калі дасягаем высокай дакладнасці".

Дадатак даступны толькі для айфонаў. Уся інфармацыя, якая прыходзіць ад карыстальнікаў, канфідэнцыяльная, пераконваюць распрацоўшчыкі. У будучыні аўтары плануюць выпусціць версію для бацькоў. Аб здольнасцях свайго малыша, якія варта развіваць з самога дзяцінства, яны даведаюцца толькі па  фатаграфіі яго далоні.

 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя