Саюз кемпінгаў Беларусі гатовы стварыць усе ўмовы для балельшчыкаў з аўтадамамі

22 августа 2017

Саюз кемпінгаў Беларусі гатовы стварыць усе ўмовы для спартыўных балельшчыкаў з аўтадамамі, якія прыедуць на Еўрапейскія гульні ў Мінск. Пры падтрымцы Мінспорту і турызму ўжо створана рабочая група па спрашчэнні перасячэння мяжы і далейшага знаходжання замежных аўтатурыстаў у нашай краіне. Чаму замест курортаў Францыі яны аддаюць перавагу беларускім берагам, даведалася Ксенія Лебедзева.

Сям'я Чоп з Германіі падарожнічае ва ўласным доме на колах ужо больш як 10 гадоў. Доўга спыняліся на кемпінгах ЕС. Гавораць, такі адпачынак не для іх. Шмат людзей і мітусні, якой і так хапае на працягу года ў Берліне.

Людміла Чоп, турыст (Германія): "Калі мы бяром водпуск, то імкнемся толькі ў Беларусь прыехаць адпачыць. У Францыю мы таксама ездзілі. Там паболей турыстаў. А хочацца адпачыць, каб спакойна было. І акрамя камароў больш нікога не хачу бачыць".

Людміла беларуска. З Ліды. У краіну прыязджае двойчы на год: вясной да маці на малую радзіму, а летам усёй сям'ёй сюды - на возера Сялява. Гэта абавязковы адпачынак, які падтрымліваюць і муж, і дачка.

Рудзі Чоп, турыст (Германія): "Для людзей, якія любяць актыўны адпачынак, тут ёсць усё: рыбалка, можна грыбы збіраць, адпачываць, загараць. У ЕС прынцып такі ж. Усе размяшчаюцца на паляне. Але там выдзяляецца для кожнага свая тэрыторыя і свабоды такой няма. Нас яшчэ вабіць прыгожае возера. І кошт адыгрывае вялізную ролю".

Караванінг - любімы від падарожжа і адпачынку ў ЗША і Еўрасаюзе, бо гэта дапамагае сэканоміць на турыстычных пуцёўках і пражыванні ў гасцініцах. У Беларусі ўсяго 40 пляцовак, дзе могуць спыніцца аўтадамы. Напрыклад, у Люксембургу, плошча якога меншая за Беларусь у 80 разоў, іх больш чым 50.

Самыя папулярныя краіны для прыпынку дамоў на колах - Францыя, Германія і Нідэрланды. Беларусь пакуль сярод адсталых. Хаця прыроднае багацце і маляўнічыя краявіды дазваляюць ствараць кемпінгі міжнароднага класа.

Уладзімір Руды, старшыня кемпінгаў Беларусі, гаворыць, што цікавасць аматараў адпачынку ў дамах на колах да нашай краіны вялікая. Толькі міжнародны фестываль, які прайшоў сёлета, сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў і 500 экіпажаў з 16-ці краін.

Уладзімір Руды, старшыня Саюза кемпінгаў Беларусі: "Чакаем на гульні 2019 года вельмі шмат аўтатурыстаў з прычэпамі і аўтадамамі. А іх няма дзе ставіць. А вось гэтае месца было б ідэальным. Мы прыкінулі, што на тэрыторыі гэтага музея мы можам зрабіць пляцоўку на 1,5-2 тысячы турыстаў, якія могуць пражываць. І ў палатках у тым ліку".

Размова ідзе наконт тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам, які знаходзіцца ў вёсцы Азярцо пад Мінскам (Строчыцы). Тут больш за 150 гектар. Ужо зараз ёсць для наведвальнікаў міні-аэрапорт, пірс, дзе можна пакатацца на катарах. Распрацоўваюцца новыя маршруты. У планах пабудаваць гасцініцу, залу для кіно і канцэртаў.

Эдуард Багдановіч, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту: "Мы знаходзімся за 4 кіламетры ад Мінскай кальцавой дарогі. Зручнасць пад'езду. Літаральна 10 хвілін, і вы ўжо не ў Мінску, а на тэрыторыі музея. Калі тры гады таму гэта было 50 тысяч наведвальнікаў, то зараз іх колькасць набліжаецца да сотні тысяч за год. Месца выклікае цікавасць не толькі ў беларусаў, але і ў іншаземцаў".

І іх колькасць можна папоўніць тымі, хто прыедзе са сваім домам на колах.