Сучасны дзіцячы сад адкрылі ў Ратамцы

1 июня 2020
Сучасны дзіцячы сад адкрыты сёння ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Дашкольная ўстанова ў Ратамцы вытрымана ў адзінай стылістычнай канцэпцыі з новым кварталам каля Мінскага мора. Марская тэматыка як на фасадзе дзіцячага будынка, так і ў інтэр'ерах, а таксама ў назве вуліцы - Марскі рыф.

Але ўсё ж такі самае галоўнае - матэрыяльна-тэхнічная база дзіцячай установы. Асаблівая ўвага - інфраструктуры для маламабільных людзей. Рэпартаж Юліі Токар.

Яшчэ на ўваходзе ў дзіцячы садок ўражвае стылістыка экстэр'ераў. Будучых маленькіх наведвальнікаў з фасада сустракаюць марскія васьміногі, крабы, дэльфіны. Іх мы яшчэ ўбачым, але ж асобна трэба сказаць пра ўзвядзенне. Разам з дызайнерамі крэатыўныя ідэі ўвасаблялі будаўнікі. Працавалі з высокатэхналагічнымі матэрыяламі. Вулічныя гульнявыя навесы драўляныя, гумовае пакрыццё на міні-стадыёне. 

Унутры трохпавярховы будынак вытрыманы ў марскіх – блакітных - колерах, дзе пражываюць насельнікі падводнага свету. А групы спраектаваны па прынцыпе оўпен-спэйс. 

Дзіцячыя групы, а іх у садку 12 - для 230 наведвальнікаў - падзеленыя на асобныя зоны. Дзе можна не толькі захапіцца настольнымі гульнямі, але і займацца развіваючымі - з дапамогай кінетычнага пяску, напрыклад. 

Дзіцячы садок у Ратамцы - гэта частка праекта буйнейшага забудоўшчыка краіны. Дашкольная ўстанова - яркі прыклад дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Для цэнтральнага рэгіёна - гэта пяты дзіцячы сад.

Зусім хутка "марскі" дзіцячы сад прыме першых наведвальнікаў, прычым, не толькі жыхароў квартала, але і суседніх пасёлкаў Мінскага раёна.