Сучасныя трэнды ў журналістыцы абмяркоўваюць на медыяфоруме ў Брэсце

23 мая 2019

У Брэсце адкрыўся вялікі міжнародны медыяфорум. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  накіраваў прывітанне  яго ўдзельнікам і гасцям.

Журналісты з 25 краін сёння прыехалі ў Брэст.  Сярод іх  Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Арменія, Італія, Расія і Венгрыя.  Усяго больш за 100 замежных гасцей. Яны абмяркуюць інфармацыйную бяспеку, уплыў сацсетак на грамадства,  а таксама сучасныя трэнды ў журналістыцы.  Акрамя таго,  закрануць тэму развіцця рэгіянальных СМІ і праблему  дэзінфармацыі ў сучасных выданнях. Гэты медыяфорум у Беларусі - 14-ы і першы, які праводзяць за межамі Мінска. 

Аляксандр Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Сёлета ў Брэсце 1000-гадовы юбілей. Гэта таксама магчымасць паказаць гасцям, удзельнікам форуму, многія з якіх не першы раз прыязджаюць у Беларусь, паказаць іншыя мясцовасці Беларусі. Гэтым разам мы вырашылі пагаварыць з журналістамі з раённых газет, з абласных газет. Найбольш  размоў будзе пра сацыяльную адказнасць журналістаў, пра тое, як мы можам зрабіць свет лепшым, пра тое, што значыць наша прафесія сёння".

Абмен вопытам - адна з галоўных мэт форуму.  У якасці спікераў выступяць вядучыя эксперты Расіі і Беларусі.  Дыскусіі будуць праходзіць  на 4 пляцоўках. Завершыцца форум заўтра.