Сучасныя метады барацьбы са злачыннасцю абмяркоўваюць у Мінску

3 апреля 2014

У гэтыя хвіліны ў Акадэміі МУС праходзіць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, на якой сустрэліся кіраўнікі ВНУ, навукоўцы і функцыянеры Выканкама СНД. Гасцям прадэманстравалі інавацыйныя тэхналогіі, якімі сёння актыўна карыстаюцца ў Акадэміі. Усяго ў канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі больш як 50 ВНУ. Абмяркоўваюць пытанні ўдасканалення заканадаўства ў сферы барацьбы са злачыннасцю і аспекты падрыхтоўкі спецыялістаў для праваахоўных органаў.


Уладзімір Бачыла, начальнік Акадэміі МУС Беларусі: Мы крыху незвычайна пабудавалі і сам фармат канферэнцыі. Мы ўсіх гасцей пазнаёмілі з тымі напрацоўкамі, якія ў нас ёсць у сферы выкарыстання IT-тэхналогій у адукацыйным працэсе. І растлумачылі, і паказалі, як укараненне гэтых IT-тэхналогій змяняе методыку выкладання. Мы паказалі, дзе мы сёння губляем і як з дапамогай гэтых тэхналогій папоўніць тое, што мы губляем.



Аляксандр Назараў, намеснік начальніка Варонежскага інстытута МУС па працы з асабістым складам: З дапамогай высокіх тэхналогій раскрыта вельмі шмат злачынстваў банкаўскай сферы. Наш інстытут мае ўнікальныя магчымасці ў правядзенні такіх экспертыз, якіх на ўзроўні рэгіянальным у нашым Варонежы няма.



З верасня ў Акадэміі плануюць навучаць па еўрапейскім узоры. Яшчэ да пачатку семестра курсантам выдадуць флешкі з лекцыямі і навучальнымі дапаможнікамі. Акрамя таго, у працэсе заняткаў навучэнцам будуць дадзены мультымедыйныя матэрыялы.