Удасканаленне дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі

31 августа 2016

У нашай  краіне гэтай работай  займаецца Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Менавіта сюды перад выхадам у свет  трапляе абсалютна ўся літаратура, дзе хоць неяк фігуруе літара права. Чаму з гэтага месяца ў супрацоўнікаў цэнтра значна дадалося працы, і што пагражае тым, хто надрукуе буклет з прававой інфармацыяй без дазволу арганізацыі, высвятляў Юрый Шаўчук.   

Гэта выдавецтва "Народная асвета". Тут рыхтуецца да друку львіная доля ўсіх школьных падручнікаў: ад "Буквара" для першакласнікаў, да "Чалавек. Грамадства. Дзяржава" для выпускнікоў. Усяго каля паўмільёна экзэмпляраў  за год. Прычым, перад тым,  як выпусціць у свет любы дапаможнік для школьнікаў, дзе ўтрымоўваецца хоць нейкая прававая інфармацыя, выдавец павінен прайсці доўгі шлях.

У Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі вывучаюць абсалютна ўсе матэрыялы, дзе ёсць хоць нейкае згадванне аб праве. Школьныя падручнікі - гэта толькі вяршыня айсберга. Законы, указы, кодэксы - усе гэтыя дакументы перад выдавецтвам, дасканала правяраюцца менавіта тут. 

У мяне ў руках адзін з першых экзэмпляраў нашумелага Кодэкса аб культуры РБ. Перад тым як яго апублікаваць,  супрацоўнікі НЦПІ яшчэ раз уважліва прачыталі ўсё, што тут напісана літаральна ад а да я. І толькі пасля гэтага яны вынеслі сваю станоўчую рэзалюцыю і адправілі кодэкс на друк у выдавецтва.

А літаральна напярэдадні ў сілу ўступіў указ Прэзідэнта, які, калі так можна сказаць, дадаў працы спецыялістам цэнтра. Дакумент загадаў правяраць любую прававую інфармацыю перад яе  выданнем менавіта ў НЦПІ і ў яго рэгіянальных філіялах. 

Вячаслаў Бекета, намеснік дырэктара НЦПІ Беларусі: "У новай рэдакцыі ўказа Кіраўніка дзяржавы вызначаны вычарпальны пералік дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў якія з'яўляюцца афіцыйнымі. Сярод іх нацыянальны прававы партал Беларусі інфармацыйныя пошукавыя сістэмы эталон і эталон-анлайн, дзіцячы прававы  сайт, прававы форум Беларусі, а таксама аўтаматызаваная пошукавая сістэма, якая забяспечвае фарміраванне нацыянальнага рэестру прававых актаў".

Дык чаму ж прававую інфармацыю трэба браць менавіта з гэтых крыніц? Усё вельмі проста,  адказваюць спецыялісты цэнтра. Справа ў тым, што толькі на гэтых рэсурсах матэрыял поўнасцю правераны, а значыць, з'яўляецца афіцыйным.

Аксана Дземчанка, начальнік аддзела НЦПІ Беларусі: "Дзейнасць па распаўсюджванні прававой інфармацыі без заключэння дагавора з'яўляецца незаконнай. І як паказвае практыка, у тым ліку і судовая. Кваліфікуецца як адміністрацыйнае правапарушэнне, састаў якога прадугледжаны арт. 217 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. І ў шэрагу выпадкаў арганізацыі нясуць глабальны ўрон. У тым ліку - і матэрыяльны".  

А зараз больш дакладна, да чаго можа прывесці такое парушэнне. Напрыклад, выдаўцы ўпарта не лічаць буклет з правіламі дарожнага руху прававой інфармацыяй. Толькі за апошнія паўгода выяўлена 5 выданняў ПДР з памылкамі. У некаторых з іх нават малюнкі дарожных знакаў няправільныя. А гэта ўжо не толькі пытанні распаўсюджвання прававой інфармацыі, але і бяспека кожнага беларуса - будзь ён вадзіцелем, пасажырам альбо пешаходам.