Сацыяльныя службы дапамогуць адзінокім і пажылым падрыхтавацца да маразоў

30 октября 2013
Толькі ў Пухавіцкім раёне больш за тысячу адзінокіх бабуль і дзядуляў засталіся зімаваць у сваіх дамах і маюць патрэбу ў дапамозе. Прадукты, лекі, дровы… - проста ўвага і добрае слова.

У тым што, сацыяльны работнік не проста прафесія, а стан душы - пераканалася Аляксандра Драгун.

На сваім двухколым за дзень праязджае дзясяткі кіламетраў. Але не дзеля забавы... Сёмы год Ларыса Уладзіміраўна даглядае пажылых людзей у розных вёсках Пухавіцкага раёна. Пад яе асабістай апекай дзевяць чалавек.

Для Зінаіды Раманаўны толькі спецвопратка нагадвае, што Ларыса Уладзіміраўна са службы сацыяльнай дапамогі. Але і на гэта не звяртае ўвагі... Даўно сталі адной сям'ёй. Разам і гарбатай частуюцца, і рыхтуюцца да зімы.

Почырк працавітых жанчын тут літаральна паўсюль. Гаспадарку спарадкавалі і з рамонтам паспелі да маразоў. З абноўленай печкай цяпер ніякі Хавер не страшны. Дроў назапасілі таксама ўдосталь. Бярозавыя паленцы ладна падпіраюць пуню. Летась замянілі вокны і завяршылі капітальны рамонт. Цяпер добразычлівая гаспадыня з камфортам і свае любімыя Навіны рэгіёну глядзіць, і гатуе ежу.


Акрамя традыцыйных спосабаў сацыяльнай дапамогі, вынаходзяць і сучасныя. Да агульнай справы далучаюць юрыстаў, псіхолагаў, медыкаў. Мабільныя брыгады, санаторыі дома і творчыя майстэрні. Новыя формы сацыяльнага абслугоўвання практыкуюць кожны год. На дапамогу пажылым людзям прыходзяць не толькі жанчыны, але нават цэлыя дынастыі і сямейныя пары.

Дарэчы, апошні від дапамогі ўзнік міжволі. Калі па прыкладзе сваіх жонак мужчыны прыходзяць у сферу сацыяльнага абслугоўвання.

Сёмы год сям'я Карповічаў пад пільным наглядам сям'і Гурыновічаў. Апошнія дбаюць аб сацыяльным камфорце і здароўі гаспадароў, а яны ў сваю чаргу адказваюць бацькоўскай любоўю і цешацца памочнікамі.

Гаспадарка ў сям'і выдатная. У прыбраным панадворку экзатычны вінаграднік, запас дроў і адрамантаваны дах да зімоўкі. Прычым, уласным дабрабытам ганарацца не толькі тут.

У шэрыя будні бабуль і дзядуляў прыўносяць фарбы не толькі кветкі за вокнамі, але і душэўныя размовы і сумесныя святы. Вядома, дабрыню і ўдзячнасць нельга вымераць. Але ў лістападзе сацыяльныя работнікі Пухавіцкага раёна і іх падапечныя збяруцца разам, каб выбраць лепшага па прафесіі і падзякаваць за годную старасць.