Сацыяльныя аб'екты Аршанскага раёна перажываюць маштабную мадэрнізацыю

30 мая 2020
Рэгіён павінен стаць прыцягальным для людзей. Бо там, дзе створаны ўсе ўмовы, хочацца жыць, працаваць, ствараць моцныя сем'і. Зараз у рэгіёне поўным ходам ідзе абнаўленне некалькіх спартыўных комплексаў, творчыя калектывы чакаюць адкрыцця абноўленага Палаца культуры, а жыхары новага мікрараёна ў чаканні будаўніцтва паліклінікі. 

Марына Раманоўская раскажа больш падрабязна. Будынак спартыўнага комплексу, кажуць жыхары мікрараёна, не пазнаць. Зараз брыгады працуюць у памяшканнях. Пасля абнаўлення ў спартыўным і фітнес-залах чакаюць яшчэ больш аматараў здаровага ладу жыцця.

Наперадзе - добраўпарадкаванне тэрыторыі і рэканструкцыя стадыёна. Ужо хутка аматары бегу ацэняць дарожкі з сучасным пакрыццём.  Завяршаецца капітальны рамонт і спартыўнага комплексу ў Балбасаве. Тут усталююць універсальную хакейную каробку, якая ў летні час будзе прыстасаваная пад футбол, валейбол, баскетбол. Плануецца, што карысна правесці час на новай пляцоўцы жыхары гарадскога пасёлка змогуць у сярэдзіне лета. 

У стадыі рэканструкцыі і гарадскі Палац культуры. Усё - для камфорту артыстаў і гледачоў. Узведзены яшчэ ў пяцідзясятыя гады будынак з калонамі і лепкаю захавае свой антураж. Творчыя калектывы атрымаюць асобныя памяшканні, тут усталююць новую апаратуру, але больш за усё музыканты і танцоры чакаюць выступленняў на новай сцэне. 

Сур'ёзныя інвестыцыі і ў медыцыну. Дарэчы, у сістэме аховы здароўя Аршанскага раёна шмат маладых урачоў і медсясцёр. Узімку сорак спецыялістаў адсвяткавалі наваселле. 

Пяціпавярховы будынак узвялі ў Андрэеўшчыне. Да прыкладу, да бальніцы імя Сямашкі адсюль можна даехаць за дзесяць - пятнаццаць хвілін. У крокавай даступнасці школа і дзіцячы садок. А гэта асабліва важна для маладых сем’яў. У рэгіёне працягваецца рамонт ФАПаў, паступае новае медыцынскае абсталяванне. Сярод значных праектаў і будаўніцтва новай паліклінікі. Дакументы ўжо ў распрацоўцы. Яна з'явіцца ў густанаселеным мікрараёне Оршы.