Сацыяльна-эканамічнае развіццё Бярэзінскага раёна ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва Мінскай вобласці

23 января 2019

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Бярэзінскага раёна, а таксама праблемы яго жыхароў сёння былі ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва Мінскай вобласці. Падчас асабістага прыёму губернатар Анатоль Ісачанка разгледзеў каля дзясятка пытанняў, большая частка з якіх тычылася жыллёва-камунальнай гаспадаркі і маёмасных зносін. Аб няпростых жыццёвых сітуацыях і шляхах выйсця з іх - Аляксей Кандраценка.

Зімой не заўсёды цёпла, а вясной ці восенню ў пакоях сырасць і нават цвіль. Жыць у такіх умовах не проста немагчыма, а і небяспечна для здароўя. Яшчэ два гады таму да такой высновы прыйшлі жыхары аднаго з дамоў у Беразіно па вуліцы Перамогі. Дому ўжо больш за паўстагоддзя: тут трэба ўцяпляць сцены, але галоўнае - рамантаваць дах.

Мікрараён, дзе знаходзіцца праблемны дом, звычайны і нават па-свойму ўтульны. Побач невялікі лес, новыя ці адрамантаваныя дамы. Не пашанцавала, здаецца, толькі гэтаму двухпавярховаму будынку. Сітуацыю можа палепшыць капітальны рамонт, але ён запланаваны толькі на 2020 год. Жыхары 18 кватэр, сярод якіх большая частка пенсіянеры, чакаць больш не могуць. Са сваёй праблемай сёння яны звярнуліся да старшыні Мінскага аблвыканкама. Анатоль Ісачанка прыняў рашэнне выдаткаваць фінансаванне і адрамантаваць дом ужо сёлета. Такім чынам у гэтым годзе ў Беразіно адновяць не пяць, а шэсць жылых дамоў.

Эфектыўнасць практыкі выязных прыёмаў грамадзян гаворыць сама за сябе: многія пытанні вырашаюцца на месцах. Дарэчы, такія сустрэчы са старшынёй Мінаблвыканкама будуць праходзіць на працягу ўсяго года. Чарговы прыём запланаваны на 5 лютага.