Супрацоўнікі МНС гэтымі днямі праводзяць рэйд

4 октября 2017

Каб папярэдзіць бытавыя ўзгаранні, супрацоўнікі МНС гэтымі днямі праводзяць рэйд. Правяраюць спраўнасць комінаў, печак, газавых ці цвёрдапаліўных катлоў.

Абагравальны сезон пачаўся і ў прыватным сектары вобласці. Праўда, нярэдка ён жа і становіцца адным з самых небяспечных. Да прыкладу, толькі летась ратавальнікі зафіксавалі больш за 300 пажараў. Як жыхары сталічнага рэгіёна падрыхтаваліся да зімы – ведае Антаніна Станкевіч.

Рыма Грак у свой дом ратавальнікаў пускае ахвотна. Па-першае, ведае, што ўсё ў парадку, а па-другое, такі жэст штосьці накшталт прафесійнай салідарнасці. Яе сын таксама супрацоўнік МНС. Ён жа напярэдадні абагравальнага сезона асабіста праінспектаваў спраўнасць пячнога абсталявання.

Муж і жонка Паўлоўскія, хоць ужо і ў даволі сталым узросце, усё ж прыстасаваліся да сучаснага газавага катла – трое дзяцей, 10 унукаў і нават чатыры праўнукі дапамагаюць старэйшым у сваёй сям'і. Галоўная крыніца цяпла – у ідэальным парадку. Правілы супрацьпажарнай бяспекі ў гэтым доме выконваюцца дасканала, тым больш што з сапраўдным пажарам тут ужо сутыкаліся. На шчасце, абышлося.

Пад пільнай увагай ратавальнікаў і шматдзетныя сем'і. У доме Тумеляў нават старэйшая дачка – ёй 16 – не адразу адкажа, дзе бацькі хаваюць запалкі. А малодшыя добра ведаюць асноўныя правілы бяспекі. Хоць іх інтэрпрэтацыя даволі незвычайная.

Зараз ратавальнікі Мінскай вобласці правяраюць прыватныя дамы. Пад асаблівай увагай менавіта тыя, дзе выкарыстоўваецца дзедаўскі спосаб ацяплення.

Пажары ў прыватным сектары небяспечныя яшчэ і таму, што полымя лёгка можа перакінуцца на іншыя дамы. Так што адна няспраўная печка можа пашкодзіць і маёмасць суседзяў.

Засцерагчыся ад надзвычайнага здарэння не так ужо і складана. Да абагравальнага сезона трэба падрыхтавацца летам і памятаць некалькі няхітрых правілаў. Галоўнае – паліць у печы не пазней чым за дзве гадзіны да сну.