Супрацоўнікі МНС Мінскай вобласці яшчэ раз правераць усе кафэ і рэстараны

5 января 2016

Супрацоўнікі МНС Мінскай вобласці яшчэ раз правераць усе кафэ і рэстараны, у тым ліку і аб'екты прыдарожнага сэрвісу. У першую чаргу звернуць увагу на спраўнасць вогнетушыцеляў і іншых супрацьпажарных сродкаў. Да таго ж, персанал павінен ведаць асноўныя правілы бяспекі.

Антаніна Станкевіч адправілася ў рэйд з ратавальнікамі і даведалася, за што аб'ект харчавання могуць закрыць.

Наталля Ягорава, дырэктар аднаго з рэстаранаў, каманду ратавальнікаў сустракае як добрых знаёмых. Прызнаецца: такога візіту ўжо чакала, бо кожны год супрацоўнікі МНС заходзяць у тым ліку і ў яе рэстаран. Праўда, за супрацьпажарны стан тут не хвалююцца: асноўныя патрабаванні рэвізораў ведаюць і выконваюць.

Дарэчы, ратавальнікі нават дапамагаюць вучыць персанал. Такая паслуга для ўладальнікаў кафэ і рэстаранаў не абавязковая, падрыхтаваць людзей можна і самастойна. Аднак многія аддаюць перавагу менавіта прафесійнаму падыходу.

Калі парушэнняў шмат, то кафэ ці рэстаран могуць нават закрыць. Напрыклад, паўгода таму амаль 40 аб'ектаў харчавання ў цэнтральным рэгіёне часова прыпынілі сваю дзейнасць, каб за пэўны час выправіць усе недахопы.