Сотні вернікаў сабраліся ў кафедральным саборы Салігорска

7 января 2018

Для царквы гэтае Раство стала першым. Адзін з самых маладых храмаў у Беларусі асвяцілі ўсяго некалькі месяцаў таму.

Расказвае Дар'я Тарасава.

Сёння кафедральны сабор Нараджэння Хрыстовага называюць сэрцам горада. Галоўны храм шахцёрскай сталіцы ўзводзілі нямала - 23 гады. Прычым будаваць святыню дапамагаў увесь горад. Сімвалічна, што першая малітва ў храме загучала ў памятны для Беларускай царквы год. Асвячэнне сабора адбылося на тысячадваццаціпяцігоддзе заснавання першай у нашай краіне праваслаўнай – Полацкай - епархіі.

Гэта не проста адзін з самых маштабных храмаў у Мінскай вобласці, але і адзін з самых вялікіх у краіне. Вышыня сабора Нараджэння Хрыстовага складае 60 метраў. Адначасова храм можа прымаць чатыры тысячы вернікаў.

Да нулявых у сталіцы шахцёраў не існавала ніводнага храма. Побач была толькі Чыжэвіцкая царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Праект архітэктурнага комплексу кафедральнага сабора распрацоўвалі на працягу некалькіх гадоў. За аснову ўзялі беларускія храмы, аднак у архітэктуры паспрабавалі адлюстраваць адразу некалькі стыляў. Так, салігорскі сабор упрыгожваюць нетыповыя купалы шлемападобнай формы.

Іканастас гэтай царквы адзіны, ён выкананы з матывамі слуцкіх паясоў, упрыгожаны залатымі валошкамі, якія сімвалізуюць зоркі над віфлеемскай пячорай у ноч прышэсця Хрыста. Іканастас упрыгожваюць абразы беларускіх святых, напісаныя ў Свята-Елізавецінскім манастыры, сярод іх і праведнай Сафіі Слуцкай. Дарэчы, у храме знаходзіцца капліца з часцінкамі мошчаў прападобнай.

На тэрыторыі сабора размяшчаецца адразу тры храмы ў гонар Нараджэння. Галоўны - Нараджэння Хрыстовага; храм, прыбудаваны да сабора - у гонар Нараджэння Божай Маці; крыптавы - Іаана Хрысціцеля.