Сотні лепшых геймераў і тысячы іх балельшчыкаў у цэнтры беларускай сталіцы

18 мая 2013
Гэтымі хвілінамі ў адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Мінска працягваецца міжнародны кіберфестываль TECHLABS CUP BY 2013, прызавы фонд якога 25 тысяч долараў. За званне лепшых адразу ў некалькіх дысцыплінах змагаюцца каманды з Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы.

Руслан Туркоў толькі што вярнуўся з фестывалю. У яго ўсе падрабязнасці.
Вадкі азот астуджае не толькі тэхніку. Так горача, як сёння, у адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Мінска не было ўжо даўно. Сотні лепшых геймераў з усяго свету і тысячы балельшчыкаў - гэта TECHLABS CUP BY 2013.
Каб убачыць на свае вочы камп’ютарныя баталіі, якія адбываліся сёння ў Мінску, неабавязкова было прыязджаць у гэты гандлёвы цэнтр. Прамая трансляцыя кіберфестывалю вялася з першых хвілін пачатку гульняў. Гавораць, шматлікія геймеры гэтым і скарысталіся.
Адразу на дзвюх пляцоўках кіберспартсмены з Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы ў рэжыме віртуальных баталій змагаліся за званне лепшага ў такіх дысцыплінах, як StarCraft 2, Dota 2 і, вядома ж, Свет танкаў.
Віртуальныя ваенныя бітвы, прыдуманыя ўсяго некалькі гадоў таму беларускімі крэатыўшчыкамі, у літаральным сэнсе заваявалі планету. Заваявалі Кнігу рэкордаў Гінеса і сэрцы 60 мільёнаў геймераў па ўсім свеце.
Тут жа сёння адкрылася выстава IT-брэндаў, а зусім побач з геймерамі выпрабоўваюць на трываласць камп’ютарныя аперацыйныя сістэмы прафесіяналы ў аверклокінгу.
Пра тое, наколькі важна развіваць у нашай краіне ў 21 стагоддзі сферу IT-тэхналогій, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся з традыцыйным Пасланнем да парламента і беларускага народу. У гэтай сферы, асабліва падкрэслівае Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, стаўку трэба рабіць менавіта на моладзь. І дапамагаць ёй на дзяржаўным узроўні.
І гэты фестываль геймераў у Мінску толькі адно з пацверджанняў. Гэта на першы погляд усяго толькі віртуальныя цацкі. Рэальна ж - спаборніцтвы прафесійных камп’ютаршчыкаў і, па сутнасці, новых тэхналогій.
Ужо вядома, што галоўны прыз у віртуальных танкавых бітвах застаецца ў нашай краіне, а вось у дысцыпліне ДОТА 2 перамогу атрымала каманда з Украіны. Гэтымі хвілінамі спаборніцтвы па іншых дысцыплінах усё яшчэ працягваюцца - цырымонія ўзнагароджання прызначаная толькі на палову дзясятага вечара. Дарэчы, агульны прызавы фонд гэтага этапу - 25 тысяч долараў. У гранд-фінале будуць фігураваць іншыя сумы. І ўжо дакладна вядома, што гранд-фінал таксама прыме Беларусь.