Пасудзіна з зямлёй Хатыні перададзена для размяшчэння яе ў крыпце Храма-помніка Усіх святых

22 марта 2016

У Беларусі сёння ўспамінаюць трагедыю Хатыні - адной з тысяч беларускіх вёсак, якая была спалена разам з жыхарамі. 22 сакавіка 1943 года ў агні згарэлі 149 чалавек, 75 з іх - дзеці. Сёння Хатынь - гэта ўвасабленне смутку і трагедыі беларускага народа, які за гады вайны страціў кожнага трэцяга. Сёння на месцы былой вёскі Хатынь - мемарыял. Менавіта там кожны год 22 сакавіка збіраюцца людзі, каб успомніць загінуўшых.

Артур Зельскі, дырэктар дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь": "Наш мемарыял стаў увасабленнем таго вялізнага болю нашага народа, таму што гінулі мірныя людзі, не партызаны і не падпольшчыкі. Ім гонар і хвала. Яны былі мужныя людзі. А тут гінулі старыя, жанчыны, маленькія дзеці".

Сёння ў "Дзень памяці" падчас боскай службы пайменна аб кожным была прачытана малітва. А зямля Хатыні перададзена для размяшчэння яе ў крыпце Храма-помніка Усіх святых. Цырымонія размяшчэння пасудзіны з хатынскай зямлёй адбудзецца 9 мая.